Павел Вінаградаў выйшаў на волю, пратакол будуць "дапрацоўваць"
Актывіста кампаніі "Гавары праўду!" вінавацяць у тым, быццам ён лаяўся матам на вуліцы Ясеніна ў Мінску. Такія сведчанні далі міліцыянты.
Нагадаем, 2 сакавіка Вінаградаў адбыў 10-суткавы арышт за "цацачную акцыю пратэсту". І замест таго, каб вярнуцца дахаты, ён знік. Сёння яго прывезлі ў суд Маскоўскага раёна. Павел паспеў паведаміць сябрам, што з турмы на Акрэсціна яго прывезлі адразу ў аддзяленне міліцыі, дзе і склалі пратакол затрымання.
На судзе ён заявіў, што сведкі хлусяць. У выніку, Вінаградава адпусцілі на волю, а міліцыянтам давядзецца "дапрацоўваць" пратаколы.
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч кажа, што далейшае развіццё падзеяў можа быць розным: альбо пратаколы хутка "дапрацуюць", альбо справу "спусцяць на тармазах". Праўда, існуе і небяспека, кажа Стэфановіч:
120305 Stefanovich s.mp3
"Ёсць небяспека, што ў дачыненні да яго суд можа вынесці "прэвентыўны нагляд", бо ў Паўла непагашаная судзімасць. А гэта больш сур'ёзна, за такое парушэнне можна зноў патрапіць у турму...".
Валянцін Стэфановіч адзначае, што справа Вінаградава — гэта "класічны варыянт ізаляцыі грамадскіх актывістаў, які вельмі масава практыкуецца з 2006 года".
На здымку: Павел Вінаградаў выходзіць на волю, верасень 2011 года.
Фота — bymedia.net