Самыя важныя размовы Еўрарадыё ў 2011 годзе

111229 Sviardlou Surazmoucy_0.mp3

2011 год стаў часам, калі Беларусь адвярнулася ад Еўропы. Ад сяброўства, якое, быццам бы, наладзілася падчас адлігі перад прэзідэнцкімі выбарамі, засталіся толькі ўспаміны. Еўрапейскія міністры больш не наведвалі Беларусь, а большасць беларускіх — праз візавыя санкцыі — згубілі права на ўезд у Еўропу. Неўзабаве пасля гэтага мы даведаліся, што старшыня Еўракамісіі Жазэ Мануэл Барозу — “казёл”, а яшчэ праз нейкі час — што ў еўрапейскіх палітыкаў “няма яец”.

Цягам усяго года Еўрарадыё абмяркоўвала тупік, у якім апынуліся беларуска-еўрапейскія адносіны, з еўрапейскімі палітыкамі. Сярод нашых яркіх суразмоўцаў — еўрадэпутаты Петэр Шцястны і Яцэк Пратасевіч, намміністра замежных спраў Чэхіі Йіржы Шнайдэр, віцэ-прэм'ер Вялікабрытаніі Нік Клег.

У размове, што адбылася ў варшаўскай студыі Еўрарадыё, высокі брытанскі чыноўнік канстатаваў, што сённяшняй Беларусі няма месца ў еўрапейскай супольнасці. І заўважыў, што, хаця Еўропа і працягвае падтрымліваць Беларусь, рэфармаваць нашую краіну звонку немагчыма.

Нік Клег: "Гэта, у рэшце рэшт, у руках беларускага народа. Мы можам выказваць сваё абурэнне дзеянням рэжыму Лукашэнкі, можам ясна паказваць, што мы не прымаем таго, што ён робіць, і аказваць на яго рэальны ціск праз санкцыі і іншыя дзеянні, каб ён пачаў перамены. Гэта тое, што можам зрабіць мы. Але змены ў краіне — гэта справа складаная. Яе не вырашыш з-за мяжы".

Пра тое, што беларускі народ яшчэ не саспеў да таго, каб дыктаваць сваю волю беларускім уладам, кажа ў інтэрв'ю карэспандэнту Еўрарадыё Андрэю Елісееву і бадай што самы вядомы літоўскі палітык, першы кіраўнік незалежнай Літвы ў 1990-1992 гадах, прафесар Вітаўтас Ландсбергіс.

Вітаўтас Ландсбергіс: “Калі такой волі няма, дык пра што казаць? Ніякі цудатворца сёння не прыйдзе…”

На думку сп. Ландсбергіса, воля народа паралізаваная, не ў апошнюю чаргу, таму, што беларускія эліты зусім не рупяцца пра ўмацаванне самастойнасці краіны, стварэнне нацыянальных каштоўнасцяў, развіццё мовы, асветы, культуры.

Вітаўтас Ландсбергіс: “Пры Лукашэнку, на мой погляд, гэтага не адбылося. Ён адмоўна паўплываў на станаўленне беларускай культуры, прасоўванне адукацыі на беларускай мове. Хіба таму, што для яго асабіста гэта было чужым, і за сабой ён пацягнуў усё грамадства.

Пакуль ён быццам адстойвае адносную незалежнасць ад пуцінскай Расіі. Наколькі доўга яму дазволяць гэта рабіць, не пачаставаўшы гарбатай ці яшчэ неяк, будзе бачна”.

Але далёка не ўсе абазнаныя суразмоўцы лічаць, што Беларусі патрэбныя нейкія пераўтварэнні. Да ліку "антырэфарматараў" належыць першы і адзіны прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў. Еўрарадыё палявала на Гарбачова некалькі тыдняў — і ў выніку стала, бадай што, адзінай беларускай медыяй, якая пагутарыла з ім.

Міхаіл Сяргеевіч пагадзіўся на размову 8 снежня 2011 года, у дзень 20-годдзя віскулёўскіх пагадненняў, якія спынілі існаванне СССР. Тое, што адбываецца ў Беларусі, былога генсека цешыць.

Міхаіл Гарбачоў: “Нават пасля распаду СССР Беларусь працягвала берагчы яго падыходы, прамысловасць – таму Беларусь і выжыла, на маю думку. Не дапусціла такога падзення, як у Расіі. Хаця Беларусь болей за іншыя краіны мае патрэбу ў супрацоўніцтве. Добра, што гэта зразумеюць. Дарма, што іншы раз адносіны доўга высвятляюцца”.

Адштурхнуўшы Еўропу, Беларусь у 2011 годзе сябруе з Расіяй, усё больш і больш уцягваючыся ў мадэрнізаваны СССР, які сёння завецца Адзінай эканамічнай прасторай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі