Спіс тавараў, на якія абмяжуюць цэны, засакрэчаны?
На што яшчэ абмяжуюць цэны, не ведаюць нават вытворцы.
Хаця віцэ-прэм'ер Беларусі Сяргей Румас агучыў гэтую інфармацыю яшчэ на мінулым тыдні, у сераду.
"У снежні 2011 года спіс сацыяльна значных тавараў, цэны на якія рэгулюе дзяржава, будзе пашыраны на 11 таварных групаў", — сказаў Румас.
Але ні ў Міністэрстве эканомікі, ні ў Міністэрстве гандлю, ні ў Мінгарвыканкаме канкрэтныя тавары не называюць.
Міністэрства эканомікі: “Уважліва чытайце Румаса. Ён сказаў, што будзе (!) пашыраны, але пакуль яго няма. Таму мы нічога не каментуем. Толькі тое, што сказаў Румас. Калі будзе прыняты, тады і адкаментуем. А цяпер мы пакуль нічога не можам сказаць”.
У Міністэрстве гандлю накіроўваюць назад у Мінэканомікі.
Міністэрства гандлю: “Калі ласка, Міністэрства эканомікі займаецца гэтым пытаннем. Гэта іх дакументы, яны рыхтуюць”.
І нават вытворцы крупаў, якія, дарэчы, уваходзяць у цяперашні спіс сацыяльна значных тавараў, нічога не ведаюць…
“Вядома, мы ўсе пра гэта чулі. Але што сказаць? Нам нічога не прыходзіла…”
Пашырэннем спісу сацыяльна значных тавараў урад спрабуе змагацца з інфляцыяй. Падчас свайго выступу Румас прызнаўся, што цяпер інфляцыя з'яўляецца найбольш праблемным пытаннем. І паабяцаў, што “тэмпы інфляцыі ў Беларусі да канца 2011 года стануць больш павольнымі”.
Нагадаем, што цяпер дзяржава рэгулюе цэны на наступныя прадукты харчавання:
Хлеб, батоны, мяса (ялавічына, свініна, курыца), малако, кефір, смятана, сухія малочныя сумесі і мясныя кансервы для дзіцячага харчавання, цукар, мука аржаная, крупы: рыс, проса, грэчка, манка, макароны, яйкі, масла, алей, кансервы з гародніны, сокі для дзіцячага харчавання, свежая бульба, капуста белакачанная, бурак, морква, цыбуля.
Да гэтага спісу на працягу бягучага месяца павінны далучыцца яшчэ 11 тавараў.
Дарэчы, яшчэ ў чэрвені Лукашэнка забараніў любое падвышэнне цэнаў вышэй за 3-5 адсоткі без яго ведама. З пачатку ж года, паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэта, інфляцыя ў Беларусі дасягнула 96,4%.