У Брэсце знайшлі партбілет і “фашысцкія” прэзерватывы (фота)
Пакункі з кантрацэптывамі часоў вайны адкапалі на гарышчы старога дома, у якім жылі нямецкія салдаты. (АБНОЎЛЕНА)
"Разбіралі старую, даваенную пабудову, дом і хлеў на Плоскай вуліцы ў раёне старых могілак, — распавядае пра незвычайную знаходку Аляксандр. — На паддашку ў саломе шмат чаго было. Самагонны апарат, які практычна згніў, вялікі такі, падковы з польскага часу, каваныя польскія цвікі. І паміж усялякіх рэчаў вось, шмат пакункаў кантрацэптываў".
Асноўная іх колькасць была ў папяровых пакунках, гаворыць Аляксандр. На пакунку надпіс па-нямецку: “Блакітная пячатка” (верагодна, брэнд — Еўрарадыё) “Залаты (варыянт: золата — Еўрарадыё). Гарантавана з натуральнага каўчуку”.
Аляксандр кажа, што на падворак прыходзіў дзядуля, былы гаспадар хаты. Распавядаў, што ў вайну у хаце жылі нямецкія вайскоўцы. Гаспадароў выселілі ў зямлянку, якая была побач з хатай.
Рэчы ляжалі ў кутку пад саломай, удакладніў Аляксандр. Праверылі і надпіс на ўпакоўках, пашукалі золата, але марна... Затое пад кроквай знайшлі схаваныя дакументы больш блізкага да нас часу, сярод іх партыйны білет члена КПСС.
На здымках: прэзерватывы ў папяровай і пластмасавай тары.