У Гродне назвы новых вуліц прапанавалі прыдумаць самім гараджанам

Неўзабаве ў новых мікрараёнах Гродна паўстане каля паўсотні вуліц. Прыдумаць назвы для іх гарадская тапанімічная камісія прапанавала самім гараджанам. Адзіная ўмова – назвы павінны быць толькі беларускамоўныя. Пазней яны будуць транслітараваныя спецыялістамі і на рускую мову.

Новыя прапановы тапанімічная камісія гарвыканкама прымала да 8 красавіка. Сярод іх сустракаюцца і такія назвы будучых вуліц, як Акіянская, Вітамінная, Галактычная ды Піражковая. Пасля разгляду камісія вынесе прапанову на пасяджэнне выканкаму, а затым – на сесію мясцовых дэпутатаў. Сябра Гродзенскай гарадской тапанімічнай камісіі Яўген Жэбрун тлумачыць Еўрарадыё, што менавіта дэпутаты і паставяць апошнюю кропку. Але працэдура больш складаная, чым здаецца, і мае шмат падводных камянёў.

Яўген Жэбрун: “Кропку ставіць дэпутацкая сесія. Як дэпутаты вырашаць большасцю галасоў, так яно і будзе. Трэба працаваць з дэпутатамі, трэба ім растлумачыць, даказаць, паказаць – да галасавання! Ну, растлумачылі, дэпутаты згадзіліся – перайменавалі. А потым юрыдычныя адрасы – трэба памяняць! Для арганізацый гэта не так важна, а вось важна перарэгістрацыя”.

Прафесійны экскурсавод і мясцовы краязнаўца Ігар Лапеха ініцыятыву камісіі вітае. Ён згадвае, што летась, калі горад пашырыўся за кошт навакольных вёсак, не абышлося без памылак і недарэчнасцяў.

Ігар Лапеха: “Пасля таго правалу, які яны зрабілі з пераназвай вуліц вёсак, якія ўвайшлі ў склад нашага горада, гэта станоўчы крок. Яны спачатку называлі па-руску, прычым абсалютны нейтральна-недарэчныя назвы. Напрыклад, Окрестная вуліца. Натуральна, пераклад на беларускую мову быў некарэктны: транслітарацыя з рускай мовы на беларускую – Акрэсная”.

Але былі і станоўчыя прыклады. З прапановы гісторыкаў сярод новых назваў летась з’явіліся, напрыклад, вуліцы імя кампазітара і грамадскага дзеяча Аляксандра Шыдлоўскага, савецкага генерала-маёра, абаронцы Гродна Аляксандра Бандоўскага, вуліца Лісіная Гара. Сёлета гісторыкі збіраюцца прапанаваць надаць некаторым вуліцам імёны грамадскіх дзеячаў і пісьменнікаў Апанаса Цыхуна, Аляксея Карпюка ды Васіля Быкава. Дарэчы, грамадскасць ужо спрабавала адзначыць у назвах вуліц як Васіля Быкава, гэтак і Яна Паўла ІІ. Аднак, згадвае Лапеха, распачаты тады збор подпісаў плёну не даў.

Ігар Лапеха: “Закон не прадугледжвае абавязковага надання вуліцам назваў шляхам збору подпісаў. У нас як назваць вуліцу вырашае мясцовая ўлада. А Ян Павел ІІ – гэта нефармат. Хутчэй за ўсё назавуць Абрыкосавай ці Ананаснай”.

Таксама ёсць спадзяванні і на хаця б частковае вяртанне гістарычных назваў. Гродзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч прапануе своеасаблівы кампраміс, на які пайшлі ўлады Магілёва і Баранавічаў: пакідаць “савецкія” назвы, але пры гэтым у пачатку вуліцы вешаць шыльду з усімі ранейшымі назвамі.

Андрэй Вашкевіч: “У пачатку кожнай гістарычнай вуліцы трэба падвесіць шыльду, дзе будуць пералічаныя гістарычныя назвы гэтай вуліцы: як яна называлася ў пачатку свайго ўзнікнення, пазнейшыя часы. І таксама інфармацыю: якія галоўныя будынкі на гэтай вуліцы знаходзіліся, як фармавалася забудова і многае іншае”.

Таксама гродзенскія гісторыкі прапануюць змясціць на вуліцах малюнкі Напалеона Орды, які неаднаразова быў у горадзе і пакінуў пасля сябе некалькі дзясяткаў твораў з Гародняй ХІХ стагоддзя.

Ці прыслухаюцца народныя абраннікі да меркавання сваіх жа выбарцаў і землякоў – ужо неўзабаве прачытаем на шыльдах горада.



Фота: harodnia.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі