У Польшчы чарговы скандал вакол імя музыкі з Гродзеншчыны
Удава польскага рок-музыкі Чэслава Немана Малгажата Неман-Выдрыцка выступіла супраць таго, каб Вакальна-акторская вучэльня Беластока насіла імя музыкі.
"Чэслаў Неман" з'яўляецца зарэгістраванай гандлёвай маркай. Таму паводле ўдавы Чэслава Немана, без дазволу сям'і музыкі вучэльня не магла ўзяць сабе такую назву. Тым больш профіль ведаў, якія прадстаўляе вучэльня, не мае нічога агульнага з творчай дзейнасцю Немана. Як паведамляе Kurier Poranny, будучыню назвы вучэльні вырашаць беластоцкія дэпутаты.
Паўтара гады таму сям'я Чэслава Немана ўжо судзілася з "Аб'яднаннем імя Чэслава Выдрыцкага-Немана". Праз суд дачка і жонка музыкі даказвалі, што такая назва аб'яднання з'яўляецца парушэннем іх прыватных правоў.
Суд абавязаў арганізацыю змяніць назву на "Неман". Аднак такое рашэнне суда не задаволілі ўдаву і дачку Немана.
Нагадаем, Чэслаў Выдрыцкі — знакаміты польскі рок-музыка, спявак і кампазітар. Нарадзіўся 16 лютага 1939 года ў вёсцы Старыя Васілішкі на Гродзеншчыне. Пазней пераехаў у Гданьск. Псеўданім Неман Чэслаў Выдрыцкі ўзяў на ўспамін аб рацэ свайго дзяцінства Нёмане. Памёр музыка ў 2004 годзе ў Варшаве.