У юнацкай камандзе Сяргея Астапчука называлі "маленькай зорачкай"
Былы калега загінулага хакеіста згадвае пра тое, як ён рабіў першыя крокі ў хакеі.
У авіякатастрофе ў складзе каманды “Лакаматыў” з Яраслаўля загінулі двое беларусаў — Руслан Салей і Сяргей Астапчук. Калі пра Салея цяпер пішуць шмат, дык пра Астапчука, яшчэ маладога (сёлета яму споўніўся 21 год), але таленавітага хакеіста, значна менш. Еўрарадыё паразмаўляла ва ўчорашнім жывым эфіры з мінчуком Віктарам Міронічавым, які на працягу васьмі гадоў гуляў з Астапчуком у юнацкай камандзе “Хімік” з Наваполацка.
Еўрарадыё: Віктар, раскажыце, якім быў Сяргей Астапчук, калі рабіў першыя крокі ў хакеі?
110908 MironichauS.mp3
Віктар Міронічаў: "Успаміны засмучаныя гэтым трагічным здарэннем, але вельмі светлыя. Ён 1990 году нараджэння, быў самым малодшым у нашай камандзе, дзе гралі хлопцы 1988 году нараджэння. Нібыта, розніца невялікая, але яна, аднак, з'яўляецца паказчыкам. Сяргея называлі "маленькай зорачкай", бо ён заўсёды адказваў сваім крыўдзіцелям. Хакей — гэта жорсткая гульня, сапраўды мужчынская, і Сяргей заўсёды біўся да апошняга. Ён гэтым самым заслужыў аўтарытэт — гуляў у першай, другой пяцёрцы. І з самага пачатку ўжо было зразумела, што гэты хлопец далёка пойдзе.
Яго бацька, спадар Ігар, стаў першым спартовым агентам Сяргея. Ён знайшоў для сына кантракт у Расіі, у Маскве. Яго заўважылі. Пазней, як я ведаю, ён праз некаторы час выступаў у Паўночнай Амерыцы, пазней вярнуўся ў Расію. Прыйшоў у "Лакаматыў" і з гэтага сезону ўжо замацаваўся ў асноўным складзе гэтай каманды. Ляцеў гуляць на радзіму на матч з мінскім "Дынама"...
Прыгадваю яшчэ і такі эпізод. Сяргей быў задзірыстым хлопцам, а яго некалі падчас аднаго матчу пасадзілі на лаўку для штрафнікоў. Ён быў раз'юшаны, таму што да канца гульні заставалася вельмі мала часу. А калі выйшаў пасля пакарання на лёд, забіў вырашальную шайбу. Гэта такія незабыўныя моманты!
Я думаю, што ўсе нашыя хлопцы зараз таксама ўспомняць той эпізод. Мы тады выйгралі турнір. На памяць застаўся фотаздымак, на якім уся наша каманда. І Сяргей там — хіба, самы маленькі з нас...".
Апошняе інтэрв'ю Сяргея Астапчука можна прачытаць тут.
Фота — yarsport.ru