Віталік Артыст: "У ва мне вельмі шмат цоеўшчыны"

Віталік Артыст: Пачну з таго, як мяне ўразіў офіс Еўрарадыё.  Улічваючы тое, наколькі доўга я вас шукаў, і ўсё, што я пра вас чуў, я меркаваў, што там будуць сядзець два чалавекі з барадой у папахах, у партызанскім строі і прысыпаныя зямлёй. Але замест гэтага мяне сустрэла зграя маладых людзей з камп'ютарамі Apple.

Альбом "Звезда": у першую чаргу хацелася, каб не атрымалася якая-небудзь рок-музыка выпадкова


Еўрарадыё: У якім кірунку вы рухаецеся?

Віталік Артыст: Пішам тое, што падабаецца самім. Самі балдзеем ад такой музыкі і яе прызнаём. Недахопы гэтага альбома ў першую чаргу ў тым, што ён адрозніваецца ад іншых, якія мы рабілі раней. Песні не добрыя, таму што ўсе яны новыя. Не паўтараюцца прыпевы з мінулымі альбомамі.

З нагоды таго, што ён не падобны на папярэднія - так гэта добра. Мы ж не жадаем адно і тое ж рабіць! Штосьці новенькае прыдумляем.

І я каюся, б'ю чалом, прашу прабачэння, калі вам падалося, што гэты альбом не ўпісваецца ў межы шоў-бізнэсу адЖодзіна да Вілейкі, і калі ён не торкае з першага разу. А прымушае папрацаваць над гэтай музыкай, праслухаць яе хоць бы 3-4 разы, каб яна трошкі зачапіла. Такія акалічнасці – мы прадстаўляем шоў-бізнэс Планеты Зямля.

Еўрарадыё: Каму належыць аўтарства вашых новых аранжовак? Вас панесла …

Віталік Артыст: Калі пісалі гэты альбом, у першую чаргу, хацелася, каб не атрымалася якая-небудзь рок-музыка выпадкова. Вуха настолькі стамілася ад гудзення халадзільніка, гэтых бясконцых драйв-гітар і больш нічога.

Да таго ж, трэба ўлічыць, што мы гурт 21-га стагоддзя, 3-га тысячагоддзя і апярэджваем свой час. Мы прыносім вам музыку з будучыні. Таму яна напоўненая касмічнымі, тэхнагеннымі, электроннымі, міжгалактычнымі матывамі. У гэтым усё тлумачэнне. Таму што наш розум ужо выпаў за межы сонечнай сістэмы.

Еўрарадыё: Калі ты не хочаш, каб ваша музыка называлася рокам, як ты сам яе назавеш?

Віталік Артыст: Мы па-ранейшаму распрацоўваем вялікі накірунак, адкрыты гуртом БЕЗ БІЛЕТА!, які называецца смарт-поп – што азначае "класная, інтэлектуальная музыка". І ўжо дасягнуты той факт, што кампазіцыі БЕЗ БІЛЕТА!за кошт сваёй ненадакучлівай непадобнасці можна пазнаць з першых трох секунд.

Гэта, вядома, наша вялікая віна, што мы не ідзём у нагу з усімі астатнімі выканаўцамі і з пяцістамі тысячамі гуртоў нашай планеты, якія адзін аднаго паўтараюць. Распрацоўваем штосьці сваё і пры гэтым настойваем на тым, каб нас прызналі яшчэ пры нашым жыцці.

Ніводная з нашых песень не скончаная


Еўрарадыё: Чаму вырашылі ўключыць у альбом "пераасэнсаваную" "Шла дальше"?

Віталік Артыст: Справа ў тым, што мы адмыслова нічога не выбіраем. У нейкім родзе мы нават трохі плывём за вадой, якая выцякае з сусветнага акіяну натхнення. Мы садзімся ў гэту лодку стварэння і плывём, куды прыб'юць нас вятры. Назіраем толькі за гэтым.

Гэта не спецыяльны ход.  У гэты перыяд складання новага альбома, як звычайна гэта адбываецца ў БЕЗ БІЛЕТА!,  мы зноў пераасэнсавалі адну з нашых песень. Таму што я лічу, што песня павінна жыць і змяняцца заўсёды. Як, напрыклад, выходзяць апгрейды камп'ютарных праграм ці новыя айфоны, так і ў песні можа быць новая рэінкарнацыя, калі табе прыйшла гэта ідэя ў галаву. Ніводная з нашых песень не скончаная, я лічу. У любы момант можа прыйсці штосьці ў галаву ў дачынені да нейкай кампазіцыі. І чаму б яе не перарабіць?

Песні – як людзі! Няхай жывуць! Іншыя так не робяць, а БЕЗ БІЛЕТА! можна. БЕЗ БІЛЕТА! можна дараваць, што яны будуць 20 гадоў адну і тую ж песню 30 раз перарабляць. Усе гэтыя версіі можна будзе слухаць і атрымліваць задавальненне.

Будзем уначы катаць пры месяцы голых знакамітых турыстаў


Еўрарадыё: Распавядзі пра здымкі кліпа "Байканур 66".

Віталік Артыст: Здымкі праходзілі на містычна-сакрэтным аб'екце, які называецца Белая царква. Тэрытарыяльна – гэта Цэнтральная Еўропа, дзяржава – Рэспубліка Беларусь, Віцебская вобласць.

Еўрарадыё: Рэквізіт для здымак адмыслова збіралі?

Віталік Артыст: Рэквізіт мы збіралі па ўсёй планеце. Напрыклад, швэдры BOYS нам даслалі з Брайтан-біч. Траюрадная цётка барабаншчыка знайшла ў сябе ў Аўстраліі на гарышчы кенгуратнай фермы майку Lacoste і даслала нам.  І адмыслова для цюнінгу аўтамабіля, які мы выкарыстоўваем у кліпе – гэта вельмі модны кабрыялет, зроблены на платформе класічнага аўтамабіля ЗАЗ 968 – з Германіі да нас прыехалі двое патомных майстроў аўтайюнінга, Крысціян і Нікі. Гэта нямецкія спецыялісты, на якіх, галоўным чынам, пайшоў увесь бюджэт. Каб самалётам іх даставіць па сакрэтных каналах у Белую царкву.

Еўрарадыё: Увесь бюджэт на запарожац, кажаш, і гэта дзеля аднаго відэа? Дарагое задавальненне.

Віталік Артыст: Гэты аўтамабіль мае надзвычайны поспех.  І, нягледзячы на тое, што на ім адсутнічаюць нумары, якія закліканыя упарадкаваць яго рух па дарогах Беларусі, у нас маецца страхоўка пяцігадовай даўнасці і жаданне падвозіць прыезджых. Гэта будзе VIP-аўтамабіль. Мы будзем уначы катаць пры месяцы голых знакамітых турыстаў, якія прыедуць у Белую царкву. Гэта стане адным з атракцыёнаў, які будзе папулярны ў бліжэйшыя 10 гадоў.

Вось вы прыязджаеце ў Турцыю, і вас вязуць на бясплатную экскурсію ў Аланью, на фабрыку скураных вырабаў. Ці ў Егіпце – у Хургаду, у калыску рахат-лукума, так жа і тут будуць грыбныя трыпы на запарожцы. Але заказваць іх трэба за год-два, каб з намі дамовіцца.

Еўрарадыё: Як ты паставіўся да таго, што пасля выхаду кліпа цябе папракалі за нібыта эксплуатацыю вобразу СССР?

Віталік Артыст: Як і іншыя кліпы, гэта відэа ўжо пачынае атрымліваць поспех. Гэта было зразумела адразу, улічваючы, з якім кайфам мы ўсё гэта рабілі. Як было цудоўна!

З нагоды таго, што з'яўляюцца крытыкі, - любая добрая справа суправаджаецца тым, што збягаецца зграя галодных сабак і яны брэшуць. Нават калі слон ідзе па кірмашы, збягаюцца шчаслівыя дзеці і проста разявакі, якія жадаюць убачыць слана. І гэтак жа незадаволеныя, чаму слон такой вялікі.

Але ў нашай безбілетнай неабсяжнай душы хопіць падарункаў для ўсіх. Косці - сабакам, песні – меламанам, любоў – планеце. 

А яшчэ, што тычыцца СССР – гэта песня ў першую чаргу пра наша дзяцінства, як мы зэба тусаваліся.  Я сваім дзяцінствам задаволены! У мяне яно было шчаслівым, і мне не сорамна, што я нарадзіўся ў 20 стагоддзі. Я ніякі не мізэрны чалавек!

У мяне былі сябры, я хадзіў у школу, мы рамаўлялі, падарожнічалі, весяліліся, хуліганілі. Усё зэба! Працягваем жыць!

А чалавек, настроены на няўдачу, шукае гэтаму пацверджанне кожны дзень і мучыць сябе. Рабяты, калі ласка, не мучце сябе! Усё добра! А калі будзе вельмі дрэнна – тэлефануеце нам у офіс Еўрарадыё! Калі стане зусім дрэнна – тэлефануеце нам 19-га лістапада, мы зладзім вам бясплатную праходку на наш канцэрт! Усім духоўна абяздоленым мы дапаможам.

Еўрарадыё: Пра бясплатныя праходкі – гэта ты дакладна прыкмеціў. Ці будуць у прынцыпе ў гурта БЕЗ БІЛЕТА! канцэрты без білета?

Віталік Артыст: Ужо некалькі гадоў лунае ў паветры ідэя, чаму гурт БЕЗ БІЛЕТА! мае такую гучную назву і па-ранейшаму прадае білеты на свае канцэрты? Калі ўжо будзе гэта бясплатнае свята? Маўляў, зусім ужо раскамерцыялізіраваліся, разумееш, працуюць за грошы, здымаюць праплочаныя кліпы пра СССР. Скажу, што пакуль тут складанасці фінансавага характару. Пакуль гэта задорага каштуе – зрабіць бясплатны канцэрт у Палацы спорту.

Пры гэтым ідэю мы гэту распрацоўваем, і, можа быць, на наступны Дзень безбілетніка мы атрымаем магчымасць зрабіць бясплатны канцэрт у комплексе Менск-Арэна.

А сёлета душым арганізатараў, каб нам выдалі 200-300 запрашальнікаў, якія мы хочам раздаць выхаванцам дзіцячых дамоў і шматдзетным сем'ям. Хочам зладзіць такое свята хаця б некалькім сотням дзяцей, паскакаць і паспяваць для іх.

Еўрарадыё: Бо вы перыядычна даеце канцэрты ў дзіцячых дамах.

Віталік Артыст: Так. Неяк я выступаў з канцэртам у анкалагічным цэнтры ў Бараўлянах. Вядома, на словах – гэта адно, а калі апыняешся ўсярэдзіне гэтых праблем – па-іншаму на ўсё глядзіш. Калі хто-небудзь можа падзяліцца сваімі грашыма – шліце іх хворым дзецям, не жмоцьцеся. І перастаньце купляць шампанскае, адмывайце лепш карму.

Еўрарадыё: Ці ёсць шанец, што сёлета у вас атрымаецца правесці такую акцыю і ўсё ж прывезці дзяцей на канцэрт?

Віталік Артыст: Ёсць вельмі вялікі шанец, што ідэя рэалізуецца, таму што мы на гэтым настойваем. Цяпер выпрацоўваецца алгарытм, якім чынам гэта зрабіць. І пэўныя тэхнічныя моманты. Павінна ўсё атрымацца.

"Няздары і выскачкі, як мы" і "сусветная раўнавага"


Еўрарадыё: Вы ўпершыню выступіце на такой вялікай пляцоўцы – хвалюючая падзея для музыкі. Напэўна, задаешся пытаннямі кшталту, ці збярэцца зала?

Віталік Артыст: Колькі чалавек прыйдзе, усплывае пытанне, але не ў першую чаргу. У першую ўсплывае пытанне, што ж такія няздары і выскачкі, як мы, збіраюцца паказваць у гэтай вялікай і буйной зале?

Паколькі мы гэтым пытаннем збянтэжаныя і сапраўды жадаем парадаваць людзей, таму што гэта Дзень безбілетніка! Гэта вялікае свята! Сусветная раўнавага ладзіць такі разагрэў перад Днём безбілетніка. Напрыклад, прыязджае гурт "30 seconds to Mars". Ці вось сусветная прэса распаўсюдзіла навіну, што на Зямлю ляцяць тры касмічныя караблі. Ужо ўсе баяцца, не ведаюць, чаго чакаць.

Літаральна за тыдзень да гэтага мы змясцілі на афішу надпіс "Для іншапланецян уваход вольны". Ёсць здагадка, што афішы бачныя з космасу. Яны іх там прачыталі і адправілі на Зямлю лепшых сваіх прадстаўнікоў, якія разбіраюцца ў мовах, і якіх не сорамна паказаць замежнікам. Гэта значыць, мы адмыслова трымаем адзін шэраг, на ўсякі выпадак. Але не на танцпляцы, каб яны не распужалі людзей і выпадкова не сапсавалі клюшнямі прычоскі дзяўчынкам, якія будуць стаяць побач.

Гэтыя месцы будуць адмыслова аблепленыя чырвонай ізастужкай, каб на іх ніхто не садзіўся. Гэта для іншапланецян.

Еўрарадыё: Так ад іншапланецян на прэзентацыі і да Зорных войн дойдзеш!

Віталік Артыст: Паспрабуем зрабіць добрую відэаінсталяцыю. Але як ні банальна гэта гучыць, у першую чаргу будзем радаваць выкананнем сваіх новых кампазіцый. Я вось кожны раз у такіх сітуацыях  думаю, што трэба не песні спяваць, а штосьці іншае рабіць, каб здзіўляць. Можа быць, мы нават устрымаемся ад нейкіх асаблівых новых пачынанняў. Таму што і так прысутнічае поспех, і так ужо і замежнікі, і іншапланецяне… Прытрымаем нашу гатовасць да глабальнага поспеху ў межах выканання музыкі.

Еўрарадыё: Ці ёсць у планах тур у падтрымку альбома?

Віталік Артыст: Вядома, мы скончылі альбом і адправімся ў тур па Планеце Зямля, які працягнецца да наступнага альбома. Сыграем у кожным горадзе, у які нас даставіць наша жыццё.

Людзі, калі вы вельмі доўга чакаеце нашого канцэрту у вашым горадзе, глядзіце такім чынам: калі вы 5 гадоў чакаеце, а гурт ўсё не прыязджае, тады бярыце і прыязджайце самі!

Еўрарадыё: Які з альбомаў гурта БЕЗ БІЛЕТА! ты любіш больш за ўсё?

Віталік Артыст: На дадзены момант – гэта, вядома ж, альбом "Звезда".

Еўрарадыё: Ты да "Звезды" неяк ну вельмі асабліва ставішся…

Віталік Артыст: Ён класны! Мы зрабілі гэты альбом так, як падабаецца нам. Гэта значыць, тут было значна менш нейкіх кампрамісаў, чым, напрыклад, на папярэднім. Калі пры выдатных песнях і выдатных аранжоўках мы ўсё ж больш думалі пра тое, як мы яго будзем убудоўваць у карціну свету. На якіх радыё можа круціцца вось такая песня і да т.п. У гэты раз мы адмовіліся ад гэтага падыходу і вырашылі зрабіць штосьці, што не з першага разу чапляе, але застаецца на большую колькасць часу. Ну, і "Звезда"!

У мяне запланавана вялікае афтапаці разам з Цоем і Мулявіным


Еўрарадыё: Чаму "Звезда", дарэчы?

Віталік Артыст: Вельмі шмат цоеўшчны ў душы прысутнічае. Хоць я не магу сказаць, што мы працягваем нечыю справу… (Задумаўся).

Паралельная рэальнасць, у якую мы перасоўваемся, уся зорная. Там зоркі свецяць. Як у Карласа Кастанэды, які калісьці пісаў пра Дон Хуана. Той казаў, што ў пэўным ракурсе людзі – гэта згусткі энергіі, якая свеціцца. Такія яйкі, якія свецяцца.

Тое ж самае мне здаецца, што людзі – гэта такія зорачкі, якія свецяцца. І па нашай тэорыі кожны чалавек, калі пакідае сваё цела, ляціць на сваю ўласную  зорку, як на дачу, і на ёй жыве ў святле.

Я ведаю, што ў мяне запланавана вялікае афтапаці разам з Цоем, Мулявіным, Томам Ёркам, калі ён памрэ, гуртPlacebo будзе там выступаць. Падзяляюся вось сваімі планамі. У нас забітая стрэлка на Зорцы!

Я гэту сваю музыку не ведаю, куды падзець

Еўрарадыё: Ці працягваеш ты пісаць музыку да кіно?

Віталік Артыст: Пару гадоў таму ў мяне выходзіў дыск, называўся "Не Безбилета", дзе была проста музыка, а не песні. Нядаўна ў чарговы раз уключыў камп'ютар і выявіў, што ўжо на наступны дыск назапасілася матэрыялу. Гэта значыць, можна выпусціць яшчэ.

Але справа ў тым, што ўсім падабаюцца песні. Усе любяць, калі запеў-прыпеў, хей-хей подскакам, а там проста, разумееш, музыка нейкая. Але некаторыя слухаюць. Выпусцім.

У мяне наогул працягваецца музычны працэс, гэтую музыку не ведаю, куды падзець. Нават калі я з кіно не працую, усё адно мне даводзіцца штосьці пісаць, таму што, ну немагчыма ўседзець!

Еўрарадыё: Памятаецца, у цябе было жаданне зняцца ў кіно? Ці атрымліваў ты ўжо такія прапановы?

Віталік Артыст: У маім жыцці было дзве зорных ролей: адна – гэта калі мы паказвалі вясельных музыкаў. Два тыдні прысутнічалі на здымачнай пляцоўцы, з 8 раніцы да 7 вечара. І ўжо на рэлізе фільма мы сябе ўбачылі: быў эпізод вяселля ў кватэры, камера слізгае злева направа, і адлюстраванне нашага гурта мільгае ў адлюстраванні шафы. Гэта быў адзін зорны момант.

А другі – калі мы гралі гурт музыкаў-алкаголікаў у аэрапорце. Але мы былі нейкія напалоханыя, што нават п'яныя ў нас дрэнна атрымаліся. Таму нас там таксама толькі са спіны паказалі.

Вядома, мне хочацца зняцца ў кіно. Але я разумею і рэжысёраў – яны жадаюць здымаць добрыя карціны.

Еўрарадыё: Ну, а калі раптам прапануюць? Твая зорная гадзіна – гэта?

Віталік Артыст: Мне здаецца, мая зорная гадзіна – гэта добры прыгодніцкі фільм пра тое, як мы ратуем планету ад Апакаліпсісу.

Еўрарадыё: Трэба было табе прапанаваць ролю ў "Зорным ворсе".

Віталік Артыст: Ну, усё, ужо позна. Усе добрыя ролі там забітыя. Таму або ў працягу, або ў аспрэчанні ёсць яшчэ шанец зняцца з НОМам і Міхалком.

Нас блытаюць з "Ляпісамі"


Еўрарадыё: Дарэчы, пра Міхалка: як ты ставішся да таго, што нібы гэта ён пераняў у цябе манеру весці размову.

Віталік Артыст: Я чуў, што наадварот – я ў яго.

Мы неяк чыталі інтэрв'ю, дзе Міхалок казаў, што любіць гурт БЕЗ БІЛЕТА!  Гэта, мабыць, сапраўды сур'ёзная любоў, таму што, калі зірнуць цяпер на Ляпіса – гэта ў прынцыпе адпачкавання ад гурта БЕЗ БІЛЕТА!

Еўрарадыё: Ну прынамсі дваіх музыкаў у цябе перавабілі!

Віталік Артыст: Некаторыя нас блытаюць. Неяк нам тэлефануюць і пытаюць, ці бралі мы ўдзел у нейкім там канцэрце БРСМ. Мы кажам, што не бралі, але тут жа разумеем, што, хутчэй за ўсё, там выступалі Ляпісы, а падумалі, што гэта мы, таму што адзін твар практычна!

Еўрарадыё: Ляпісы апрыёры не могуць выступаць на такіх канцэртах.

Віталік Артыст: Я наогул не меў дачынення да гэтага, так што мне ўсё адно. Думаю, што проста ў інфармацыйнай нагодзе бракавала нейкіх гучных і вясёлых імёнаў. "Б"- другая літара алфавіту, мабыць, на "А" нікога не знайшлі і спыніліся на нас.

"Навошта мне свайму гурту псаваць жыццё", кватэрнікі і новыя праекты

Еўрарадыё: Ці можна ў нашай краіне заставацца апалітычным?

Віталік Артыст: Я так глыбока не задумваюся над гэтым пытаннем. Мне здаецца – як хочаш, так і рабі. Хочаш, будзь А, хочаш, будзь Б.

Еўрарадыё: А ты да якой літары сябе адносіш? Ты б выказаўся публічна? Ці ў блог напісаў?

Віталік Артыст: Тут незразумела, з кім наогул мець справу на гэту тэму. Усе нейкія шалёныя вакол. Мне цяжка штосьці адказаць, таму што ў гэтым усім трэба разабрацца.

Еўрарадыё: Яшчэ не разабраліся?

Віталік Артыст: Разумееш, навошта мне свайму гурту псаваць жыццё. У мяне ёсць нейкая грамадзянская пазіцыя, якую я нясу ў сабе. А што да БЕЗ БІЛЕТА! – гэта гурт не палітычны. Гэта музычны гурт. Мы чхаць хацелі на ўсе заявы. Мы робім музыку. Гэта што тычыцца пазіцыі гурта.

Што да маёй пазіцыі – яна можа быць такой ці сякой, проста я яе выкарыстоўваю асобна ад гурта.

На чым мы там да гэтага спыніліся?

Еўрарадыё: Не крыўдна табе, што двое тваіх музыкаў сышлі ў гурт "Ляпис Трубецкой"?

Віталік Артыст: Справа ў тым, што мы імкнёмся ўсім дапамагчы: бяздольным, людзям з праблемамі. Мы ўбаку не застанемся! Калі наступны раз будзе бракаваць грошай на пломбу ў зубе – мы дададзім!

Еўрарадыё: Вы падтрымліваеце адносіны?

Віталік Артыст: Як ні дзіўна, мы нават выхітраемся сябраваць практычна з усімі музыкамі, якія былі ў БЕЗ БІЛЕТА!

Еўрарадыё: Ты набіў хоць адну татіроўку?

Віталік Артыст: Ну так, адну набіў. Гэта глыбока асэнсаваная татуіроўка – вялікае нішто. З аднаго боку яна абсалютна нічога не значыць, і ў той жа час – гэта і колы Сатурна, і чырвоны і чорны паясы і шмат чаго яшчэ. Чорныя колы – гэта дзве мае дачкі. Гэта проста клёвая татуіроўка!

Еўрарадыё: Як ідуць справы з вашым сумесным праектам з Таняй Кушнер і Мацвеем Сабуравым?

Віталік Артыст: Мне пашанцавала ўзяць удзел у праекце Тані Кушнер і Мацвея Сабурова, які называецца“Slowmotion”. Яны граюць прагрэсіўны жаночы трып-хоп,  і я разам з імі. Мне здаецца – гэта лепшая жаночая творчасць, якая ў апошнія дзесяцігоддзі ўзнікала на славянскай зямлі.

Песні пішуцца, запісы ідуць, ніхто нікуды не спяшаецца. У сваё задавальненне часам робім канцэрты. Магу праанансаваць, што, хутчэй за ўсё, сёлета гурт штосьці выпусціць.

Еўрарадыё: Можа, ты возьмеш флейту і гітару і выступіш сольна?

Віталік Артыст: Навошта? Мне гэта не цікава! Навошта мне сольна, калі ёсць такая выдатная кампанія як БЕЗ БІЛЕТА! Хоць часам здараюцца гэтыя кватэрнікі… Нават даходзіць да таго, што потым на канцэртах заказваюць тое, што я граў на кватэрніках.

Гэта здараецца рэдка, і я іду на гэта з вялікай неахвотай, і думаю: "Чорт бяры, ну што я там буду рабіць?" Але потым гэта праходзіць, усе шчаслівыя, усе таньчаць! Клас! Здараецца, увогуле. Але каб у мяне была такая мэта – не, мэты няма.

Піяршчікі і бізнэсмэны з нас ніякія


Еўрарадыё: Памятаецца, ты падумваў сур'ёзна заняцца канцэртамі ў Расіі? Паедзеце ў Маскву?

Віталік Артыст: Вядома ж, паедзем, таму што нам няма куды падзецца. Хацелася б працаваць выключна дома. Але так не атрымаецца, таму што Радзіма не можа нас пракарміць у поўнай меры. І справа ў тым, што піяршчікі і бізнэсмэны з нас ніякія. А то б даўно ўжо ездзілі з касой, стрыглі б гэтыя купоны і іншую валюту. А выязджаем толькі толькі на тым, што ў нас выдатныя песні і душэўныя канцэрты, зробленыя з любоўю.

Але, нават не гледзячы на наш бізнэс-правал у свеце, усё адно сусвет наладжаны так, што нават такім нехрысцям як мы дае канцэрты і паездкі.

Мне наогул падабаецца куды-небудзь ездзіць. Вось, напрыклад, хутка мы з Таняй у першы раз пабываем уАмерыцы. Першы барабаншчык гурта БЕЗ БІЛЕТА!Жэня Вайткевіч, запрасіў нас на хакейны матч. Вось мы едзем у Нью-Ёрк, каб у першы раз у жыцці пайсці на хакей. Ды і наогул, гэта наша першае знаёмства з вялікім спортам.

Раней я наведваў футбол. Там вельмі выдатна! Але я каюся і б'ю чалом – мне ўсё адно, хто гуляе на полі. Я схіляюся перад мэтанакіраванымі спартоўцамі. Але больш за ўсё мне падабаецца футбольная хваля – калі ўсе ўстаюць, ускідаюць рукі, крычаць! Вось гэта клас! Спадзяюся, што і на хакеі будзе весела.

Еўрарадыё: Калі ужо едзеце ў Амерыку  - як жа ваша мара зняць відэа на Гран-Каньёне?

Віталік Артыст: Можа, мы туды і не даедзем. Ёсць верагоднасць, што мы ўсе сродкі патрацім  на шмоткі замест таго, каб пабачыць гэту калыску Паўночнай Амерыкі.

Еўрарадыё: Ты сочыш за творчасцю беларускіх музыкаў?

Віталік Артыст: Ну бывае. Я наогул сачу за музыкай. Як меламану, мне ўвесь час хочацца слухаць што-небудзь новае. У тым ліку, і нашых дзяцей.

Вось мая любімая песня, напрыклад, у Петли Пристрастия пра "Твой коитус у окна длился до темна" (спявае). Якія яшчэ гурты? Я ўсё ведаю.

І напрыканцы: "Букераўская прэмія", "Апакаліпсіс" і Брэд Піт


Еўрарадыё: Віталік Артыст па-за музыкай?

Віталік Артыст: Кіно гляджу і кніжкі чытаю. На сваім досведзе магу сказаць, што надорэба перастаць чытаць навіны з інтэрнэту, перастаць сабе паліць мазгі пікселямі і пачынаць чытаць якія-небудзь кнігі.

Любімыя кнігі? Гэта як пра музыку, калі мяне просяць распавесці пра сваіх куміраў. Калі хочаш слухаць увесь час новае, падабаецца звычайна тое, што слухаеш у дадзены момант. Так і пра кніжкі.

Нядаўна я купіў сабе электронную кніжку. І паколькі выбар кніг такой вялікі – я проста залез на Вікіпедыю, знайшоў там "Букераўскую прэмію" і пачаў чытаць усіх аўтараў, якія яе атрымалі. Гэта, вядома, галоўным чынам, занудства ўсялякае. Але пры гэтым адчуваецца, што мозг пачынае ажываць і думаць. Вельмі спадабалася кнігаМаркеса "Сто гадоў адзіноты". Гэтак жа цікава было чытаць Архана Памука, напрыклад, раман "Снег". Цяпер пачаў чытаць кнігу Салмана Рушды "Дзеці паўночы" пра падзеі ў Індыі.

Пра фільмы: я часта чую, што вось, нічога новага не выходзіць, што б магло зачапіць. Гэта ўсё багемныя гутаркі тых, каму не падвезлі морфія ці коксу. Ім і не падабаецца.

Два гады ў мяне ляжаў фільм Копалы "Апакаліпсіс сёння". Я ведаў, што гэта класіка сусветнага кінематографа. Мне здавалася, там такая павінна быць занудязціна. Апускаешся ў нейкі танец, калі глядзіш гэта кіно.   

З сучасных фільмаў мяне ўразіў фільм Крыстафера Нована "Пачатак". Хачу паглядзець "Дрэва жыцця" - Брэд Пітнаогул такі прыгажунчык! Мне ўсе яго фільмы падабаюцца.

Фота: Еўрарадыё ды з уласнага архіва Віталіка Артыста.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі