Вольга Бандарэнка: Калі зараз не будзе рэабілітацыі — пасля будзе позна!
Жонка палітвязня ў жывым эфіры Еўрарадыё распавяла пра аперацыю і цяперашні стан Змітра Бандарэнкі.
Еўрарадыё: Чаму аперацыю рабілі пад мясцовай анэстэзіяй, а не пад агульным наркозам?
Вольга Бандарэнка: “Гэта не зусім дакладная інфармацыя пра мясцовы наркоз. Наколькі я зразумела, гэта была спінальная анэстэзія, то бок гэта дастаткова новыя распрацоўкі — калі робіцца ўкол у хрыбет і чалавек не адчувае болю, але не спіць”.
Еўрарадыё: Ці ўсе восем грыж былі выдаленыя?
Вольга Бандарэнка: “Не, аперацыя зробленая толькі на адну — тую, якая давала боль, пераціскаючы нервы. Менавіта праз яе ў Змітра амаль не рухалася правая нага, і была слабасць левай. То бок, выдаленая менавіта толькі тая грыжа, якая перашкаджала яму. Астатнія пакуль знаходзяцца ў спячым стане”.
Еўрарадыё: Пасля адбывання пакарання Зміцер зможа працягнуць лекаванне?
Вольга Бандарэнка: “Зараз галоўнае, каб пасля аперацыі была рэабілітацыя і лячэнне, таму што калі гэтага не будзе зараз, то пасля будзе насамрэч позна”.
Еўрарадыё: Але ці працягнулі яму двухдзённы тэрмін знаходжання ў шпіталі для ўзнаўлення?
Вольга Бандарэнка: “Пакуль гэта ўвогуле невядома. Справа ў тым, што агульная практыка — 8-10 дзён у шпіталі. Але насамрэч гэта бывае і на наступны дзень і, як мне казалі, 4 дні, Дзіме сказалі што гэта будзе тры дні. Таму інфармацыі абсалютна няма, будзем спрабаваць размаўляць, даведвацца, штодня ездзіць, высвятляць, там ён ці не. Мы пакуль не ведаем, што яны вырашаць, бо лекары не могуць уплываць на сітуацыю. Яны могуць даць рэкамендацыі, могуць прасіць, гаварыць, але як вырашыць турэмнае начальства — так і будзе. У лекараў ніхто не запытаецца, калі яго вырашаць забраць раней”.
Еўрарадыё: Ці патрэбныя Змітру спецыяльныя лекі пасля аперацыі? Ці можна перадаваць яму перадачы?
Вольга Бандарэнка: “Наконт лекаў у 5-й лякарні сказалі, што ў іх усё ёсць. Не ўпэўненая, што ўсё ёсць у лякарні на Валадарскага, у СІЗА. Калі з’явіцца неабходнасць, я буду перадаваць. А пакуль перадачы мне дазволілі толькі ў тым фармаце, як звычайна ў калонію, у турму і гэтак далей. Дазволілі перадаць толькі ваду і прадметы асабістай гігіены. Але і гэта ўжо радуе”.
Еўрарадыё: Як ахоўваюць Змітра ў лякарні? Вам забаронена сустракацца з ім?
Вольга Бандарэнка: “Так, канешне. Мне сказалі, што гэта будзе выглядаць як спатканне, а на спатканні ёсць рэгламентацыя, таму я не магу яго ўбачыць. Ахоўваюць яго два чалавекі, яны змяняюцца. Праўда, пасля аперацыі я бачыла трох, калі яго везлі”.
Еўрарадыё: Ці змогуць у турме яго наведваць медыкі са шпіталя?
Вольга Бандарэнка: “Безумоўна, не. Калі яму адмовілі ў кансультацыі нейрахірурга да аперацыі, то не думаю, што яму дазволяць пасля аперацыі сустракацца з кімсьці”.
Еўрарадыё: Чаму, на вашую думку, кіраўніцтва турмы ўвогуле пагадзілася на гэтую аперацыю? Ці сталася гэта таму, што быў ціск з Еўропы, што інфармацыя больш шырока паступала праз СМІ?
Вольга Бандарэнка: “Без сумневаў. Бо на працягу некалькіх месяцаў, да 22 чэрвеня Дзіма ўвесь час звяртаўся да лекараў па розных прычынах. У яго яшчэ і верад, і іншае, а грыжа — гэта самая сур’ёзная праблема. Пагаршэнне здароўя адбылося ў лютым, вельмі сур’ёзнае, менавіта па хрыбце. Але да 22 чэрвеня яму не аказвалася ніякая медычная дапамога. Было такое ўражанне, што і не збіраліся дапамагаць, таму што казалі, што няма дакументаў, хаця я насіла проста стосамі ксеракопіі медычных дакументаў. Казалі, што ён пісьмова не звяртаўся, хоць і звяртаўся. Яшчэ нейкія рэчы казалі...”
Рэдакцыя Еўрарадыё зычыць Змітру Бандарэнку здароўя.
Фота: svaboda.org