Перамогу над "Штурмам" БАТЭ святкавала да 3 ночы
“Адзначылі сціпла: павячэралі, пашумелі крыху і разыйшліся, бо ў нас шмат матчаў”, — як заўжды лаканічна распавёў пра гэта Віктар Ганчарэнка.
25 жніўня, пасля ўпэўненай перамогі над “Штурмам”, футбалісты і трэнеры БАТЭ вярнуліся з Аўстрыі. У аэрапорце іх сустракала блізу 100 фанатаў, сярод якіх былі карэспандэнты Еўрарадыё (фотарэпартаж з аэрапорта глядзіце тут).
Галоўны трэнер БАТЭ Віктар Ганчарэнка не хаваў гонару за футбалістаў і радасці за клуб:
“Давайце не будзем недаацэньваць сваю каманду. Мы ўчора былі моцнымі. І мы гэта даказалі! А футбалістам за тое, як яны выканалі пастаўленую задачу, можна толькі папляскаць!”
Проста побач з жоўта-блакітным аўтобусам старшыня праўлення БАТЭ Анатоль Капскі распавёў журналістам, што 200 тысяч еўра з агульнай сумы сваіх за выхад у групавы этап Лігі чэмпіёнаў прызавых (а гэта ні многа, ні мала — каля 1,9 мільёна еўра) футбалісты вырашылі патраціць на дабрачыннасць. БАТЭ дапаможа адбудаваць разбураную царкву і аплаціць аперацыю хворай барысаўскай дзяўчынцы Машы Вяргейчык.
“Мы разам з хлопцамі ўчора для сябе прынялі рашэнне: больш за 10% перададзім тым, каму хочам дапамагчы. У Барысаўскім раёне аднаўляецца царква ў вёсцы Зембін, разбураная яшчэ ў савецкія часы, падчас здымкаў фільма. І ў нас ёсць наша, барысаўская дзяўчынка. Яна для нас родная. У яе вельмі цяжкае захворванне, і мы вырашылі, што аплацім ёй аперацыю за мяжой. Калі табе Бог нешта дае — трэба дапамагаць людзям”.
Анатоль Капскі падкрэслівае: гэта не яго асабістае рашэнне, так вырашыла каманда. “Так мае быць: калі табе добра — трэба, каб было добра ўсім”.
На думку Віктара Ганчарэнкі, пераход абаронцы Ігара Шытава ў маскоўскае “Дынама” перад дзвюма гульнямі са “Штурмам” шэрагі БАТЭ не саслабіў:
“У нас вельмі шмат рэсурсаў у запасе, і ёсць падтрымка “знізу”, — адказаў трэнер на пытанне Еўрарадыё. — Я верыў у тое, што чалавек, які выйдзе, добра згуляе. Ды так яно і атрымалася: Дзіма Бага вельмі надзейна згуляў у абароне”.
Не стала нечаканасцю для трэнера і тое, што галы ў вароты аўстрыякаў забілі Валадзько і Сіміч, а не той жа Брэсан, за якога БАТЭ напярэдадні схапілася з UEFA.
Віктар Ганчарэнка: “Мы ведаем, што ўмеем забіваць галы, на любом узроўні. А хто іх заб’е, па сутнасці, не важна. Калі ёсць разнастайнасць у атаке і шмат атакуючых гульцоў — галы прыйдуць”.
Сам Рэнан Брэсан голу Валадзько — няхай сабе і забітаму з яго, Брэсана, пазіцыі, — вельмі ўзрадаваўся:
“Вельмі добры гол забіў Валадзько. Ён вельмі добра гуляў і трапіў проста выдатна!” — сказаў Еўрарадыё нападаючы БАТЭ.
Віктар Ганчарэнка хоча, каб БАТЭ трапіў у адну групу з “Манчэстэр Юнайтэд”, Рэнан Брэсан марыць пра матчы супраць “Мілана” і “Барселоны”. Лёсаванне групавога этапа Лігі чэмпіёнаў прызначанае на 25 жніўня. Пажывем — пабачым!