Як жыла і што ела Надзея Астапчук падчас збораў у Раўбічах? (Фота)

Метэналон знайшлі ў арганізме Надзеі Астапчук, узяўшы допінг-спробу пятага жніўня. Да гэтага кёльнская лабараторыя правярала спартсменку 30 ліпеня, і нічога выяўлена не было. Выходзіць, метэналон мог трапіць у арганізм штурхальніцы паміж гэтымі датамі.

Дзе гэта магло здарыцца?

Перада мной ляжыць выпіска з гасцініцы. Надзея Астапчук праходзіла ў нас зборы з дзявятага ліпеня па першага жніўня”,  — Леанід Карась, намеснік дырэктара Цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі “Раўбічы”, паказвае журналісту Еўрарадыё дакументы.

Еўрарадыё: Якім чынам заключны дзень збораў тут праходзіў?

Леанід Карась:Я быў у адпачынку, але не думаю, што нешта мянялася ў адносінах да таго, што было да гэтага. Штатная работа. Працуе з камандай трэнер, працуе з камандай урач. Каб праз харчаванне нешта патрапіла ў арганізм, гэта вельмі і вельмі праблематычна. У нас трэнер і ўрач замаўляюць кожнаму спартсмену ежу, і афіцыянт прыносіць яе ад катла да століка”.

Леанід Карась падкрэслівае, што ў “Раўбічы” ўвесь час наведваюцца спецыялісты з антыдопінгавых агенцтваў. Трасуць і лёгкаатлетаў, і прадстаўнікоў зімовых відаў спорту, якіх тут пераважная большасць.

Леанід Карась: “Часам камунікую з біятланістамі, і яны скардзяцца: “Больш сталі на нейкіх донараў падобныя, чым на спартсменаў. Здараецца, што за тыдзень па два разы прыязджаюць”.

Еўрарадыё: З Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва?

Леанід Карась: “І з Нацыянальнага, і спецыялісты WADA працуюць”.

Наконт Надзеі Астапчук намеснік дырэктара “Раўбічаў” выказваецца толькі ў станоўчай манеры і, як многія іншыя, падкрэслівае бессэнсоўнасць выкарыстання “старажытнага” метэналона.

Леанід Карась: "Надзея Астапчук — прафесіянал. Малая верагоднасць таго, што гэта было свядомае ўжыванне гэтага прэпарата. У дадзенай сітуацыі ўсе ведалі пра ўвагу WADA да нашых спартсменаў, што Астапчук з’яўляецца лідарам у гэтым відзе спорту, што яе будуць трэсці на ўсіх узроўнях…"

Леанід Карась паказвае на просьбу журналіста Еўрарадыё бетонны сектар для штурхання ядра, дзе Надзея Астапчук трэніравалася, просценькі нумар у гасцініцы №2, дзе яна жыла.

Сектар для штурхання ядра

Касцёл Святога Матвея 19-га стагоддзя месціцца побач з сектарам для штурхання ядра

Гасцініца №2, дзе жыла Надзея падчас збораў

Нумар, дзе спынялася Надзея Астапчук

Дарэчы, харчавацца спартсменка і яе трэнер вырашылі ў невялікім рэстаране гасцініцы №1.

Прыходзім і сюды, дзеля цікавасці аглядаем кухню.

На кухні

— Скажыце, ці ёсць магчымасць таго, што нехта мог прабрацца сюды і нешта падсыпаць у ежу? — пытаемся ў аднаго з кампетэнтных супрацоўнікаў рэстарана.

Супрацоўнік: "Ну, як гэта! Нерэальна. Як чалавек можа патрапіць у вытворчую ўстанову на кухню, дзе ён ніколі не знаходзіўся?"

Еўрарадыё: То бок, такую асобу вы маглі б ідэнтыфікаваць?

Супрацоўнік: “Так, канешне”.

Як харчавалася Надзея Астапчук у заключны дзень раўбіцкіх збораў першага жніўня (на тэрыторыі спартовага аб’екту штурхальніца знаходзілася ў першай палове дня)? Дырэктар рэстарана Аляксандр Лукавой паказвае на нашую просьбу меню:

У рэстаране

“Па днях ёсць накладныя. Тут на трынаццаць чалавек усё было прыгатавана. Не можам сказаць, што канкрэтна яна ела. Салат з крабавых палачак і кукурузы, амлет з вяндлінай (падаваўся пэўна на сняданак), кампот, ікра была, шакалад, пюрэ, запечаная рыба, пітная вада “Дарыда”, гарбата, блінчыкі з джэмам, птушкай, вяндлінай… То бок увесь асартымент у нас выпісаны”.


Штатная змена рэстарана складае пяць чалавек.

Апроч Надзеі Астапчук, тут елі і наша знакамітая біятланістка Дар’я Домрачава, і двухразовая алімпійская чэмпіёнка па лыжных гонках з Польшчы Юстына Кавальчык.

“Наша нацыянальная каманда біятланістаў адначасова з Астапчук харчавалася. Моладзевая і дарослая. Гатуем-то на адной кухні, паводле адных прыходных накладных, — працягвае Аляксандр Лукавой, дырэктар рэстарана. — І кожная каманда выбірае па меню з тых жа прадуктаў, якія гатавалі для іншых. Так супала (вось падняў дакументы) у нас 25-га ліпеня была планавая праверка санстанцыі, быў здзейснены забор харчавання. І праблемаў ніякіх не выявілі”. 

Атрымліваецца, што калі б допінг знаходзіўся ў ежы, то ім бы “пачаставаліся” і многія іншыя спартсмены.

Перад ад'ездам з "Раўбічаў" Надзея Астапчук пакінула ў "Кнізе прапановаў" рэстарана падзяку

Алімпійскі чэмпіён Лондана ў стральбе Сяргей Мартынаў патлумачыў карэспандэнту Еўрарадыё, што і ў алімпійскай вёсцы падсыпаць спартсмену допінг няпроста. Пітную ваду спартсмены наліваюць сабе з адных і тых жа вялізных бутляў, ежу выбіраюць для сябе стыхійна. То бок цяжка  прадугледзець, што захоча есці чалавек.

Выходзіць, што “пачаставаць” Надзею допінгам ў раўбіцкім рэстаране наўрад ці маглі. Падсыпаць прэпарат у алімпійскай вёсцы — таксама малаверагодна.

Можа быць, Астапчук падставілі людзі, якія яе добра ведаюць?..

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі