Лабковіч: Пераслед звязаны з тым, што "Вясна" збірала грошы рэпрэсаваным

110804 Labkovich - site.mp3

Еўрарадыё: Што зараз адбываецца з праваабарончым цэнтрам "Вясна"? А 17-й гадзіне 4 жніўня затрымалі яе кіраўніка Алеся Бяляцкага, праходзіць ператрус у офісе і ў кватэры Бяляцкага.

Лабковіч: “Безумоўна, мы разглядаем гэта як спробы знішчэння праваабарончай арганізацыі. Бачна, што ўлады пераходзяць апошнія рубіконы і пачынаюць ужо непасрэдна тое, пра што мы папярэджвалі раней – ціск на праваабаронцаў і пераслед саміх праваабаронцаў. Гэта тое, што зараз адбываецца вакол нашай арганізацыі”.

Еўрарадыё: А ці былі нейкія перадумовы сённяшніх падзей?

Лабковіч: “Перадумовамі гэтых падзей з’яўляецца ўся палітыка сённяшняга рэжыму, які адназначна ўзяў кірунак на рэпрэсіі і які абсалютна адназначна вырашыў грэбаваць любымі прыкметамі прыстойнасці.Тое, што гэта робіцца канкрэтна рукамі дэпартамента фінансавых расследаванняў, звязана з тым, што наша арганізацыя аказвала дапамогу, у тым ліку матэрыяльную, усім ахвярам палітычных рэпрэсій. Таму ў дачыненні да нас гэта робіцца рукамі такога ведамства, як ДФР. У нас прынята, і гэта таксама частка сённяшняй кадравай палітыкі, каб у рэпрэсіі былі запэцканыя ўсе – міліцыя, КДБ, суддзі, пракуратура, настаўнікі, якія фальсыфікуюць выбары, армія, якая таксама прымала ўдзел у разгоне 19 снежня. Зараз і дэпартамент фінансавых расследаванняў. То бок усе інстытуты зараз павінны быць мабілізаваныя для працы рэпрэсіўнай машыны”.

Еўрарадыё: Значыцца ўвага звернутая менавіта на тое, што сябры арганізацыі спрабавалі фінансава дапамагчы людзям, якія цярпелі ад сістэмы?

Лабковіч: “Так, мы збіралі грошы для таго, каб дапамагаць людзям па аплаце штрафаў. Мы расцэньваем, што гэта будзе мець крымінальныя наступствы з прыцягненнем да крымінальнай адказнасці супрацоўнікаў нашага офіса”.

Еўрарадыё: Крымінальная адказнасць упадзе толькі на кіраўніка арганізацыі?

Лабковіч: “Я не ведаю, я ж не ўваходжу ў следчую групу, я ня ведаю, якія ў іх планы. І не гатовы тлумачыць іх матывы”.

Еўрарадыё: Адбываецца ператрус. Што там могуць знайсці? Грошы, якія збіралі для ахвяраванняў?

Лабковіч: “Я думаю, што гэтага яны не знойдуць, але могуць знайсці любую інфармацыю, датычную  нашай дзейнасці. Магчымая і канфіскацыя той тэхнікі, якую атрымаецца знайсці на офісе”.

Еўрарадыё: Ці спадзяецеся вы на тое, што Алеся Бяляцкага сёння выпусцяць?

Лабковіч: “Калі на ўзроўні спадзявання – то  спадзяюся. Але калі гэта крымінальная адказнасць, то ў тым ліку можа быць і ўзяццё пад варту, канешне”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі