Роланд: ЗША зацікаўленыя ў адмене санкцый супраць Беларусі (відэа)
Але Амерыка чакае крокаў насустрач ад беларускіх уладаў.
Злучаныя Штаты Амерыкі зацікаўленыя ў адмене санкцый супраць прадстаўнікоў Беларусі. Пра гэта ў інтэрв'ю праграме "Контуры" на тэлеканале АНТ 12 ліпеня заявіў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд. Але, па словах дыпламата, Амерыка чакае крокаў насустрач ад беларускіх уладаў.
Роланд нагадаў, што санкцыі ЗША былі ўведзеныя адміністрацыяй Джорджа Буша ў 2006 годзе і падаўжаюцца штогод. Яны з'яўляюцца адраснымі і не накіраваныя супраць шараговых беларусаў. Дыпламат адзначыў, што санкцыйная палітыка ЗША ўзгадняецца з Еўрасаюзам.
"У канчатковым рахунку, мы самі зацікаўленыя ў адмене санкцый і аднаўленні нармальных адносінаў. Але адбыцца гэта можа толькі ў выніку канкрэтных крокаў з боку беларускага ўраду", — мяркуе Роланд. Дыпламат дадаў, што разыходжанні ў некаторых сферах не выключаюць магчымасці развіваць адносіны там, дзе інтарэсы краін супадаюць — гэта эканоміка, гандаль, падтрымка незалежнасці і суверэнітэту Беларусі.
Нагадаем, што візавыя і фінансавыя санкцыі ЗША накіраваныя супраць шэрагу беларускіх чыноўнікаў, у тым ліку Аляксандра Лукашэнкі. Амерыканскім кампаніям забаронена заключаць якія-небудзь здзелкі з гэтымі людзьмі.
Фота: nn.by