Румас: у дакументах для Лукашэнкі і Пуціна не згадваюцца наднацыянальныя органы
У дакументах, якія рыхтуюцца для падпісання Аляксандру Лукашэнку і Уладзіміру Пуціну, не згадваюцца наднацыянальныя органы. Такую заяву 6 снежня ў Мінску зрабіў прэм'ер-міністр Сяргей Румас. Паводле яго слоў, у "дарожных картах", якія рыхтуюць урады Беларусі і Расіі, няма палітычных пытанняў — толькі эканамічныя. Пра адсутнасць у "дарожных картах" палітыкі Румас казаў і раней.
На мінулым тыдні шмат шуму нарабіла выказванне беларускага пасла ў Расіі Уладзіміра Сямашкі на тэму інтэграцыі. Прэс-службе пасольства давялося заявіць, што словы Сямашкі пра планы стварэння агульных парламента і ўрада Беларусі і Расіі вырваныя з кантэксту.
6 снежня Сяргей Румас паляціць у Сочы, дзе ў яго запланаваная сустрэча з расійскім прэм'ерам Дзмітрыем Мядзведзевым. Яны будуць узгадняць згаданыя "дарожныя карты". Па словах Румаса, засталося ўзгадніць яшчэ 16 пытанняў. Лукашэнка і Пуцін збраюцца сустрэцца 7 снежня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.