Сацыёлагі: За канкурэнта Лукашэнкі на выбарах гатовыя прагаласаваць 53%

Колькасць грамадзян, якія давяраюць Аляксандру Лукашэнку, перавысіла колькасць грамадзян, якія не давяраюць: гэтыя суадносіны склалі амаль 46% супраць 44%. Такія вынікі нацыянальнага апытання грамадскай думкі агучыў Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў.


У той жа час, адзначаюць эксперты, "паступова расце колькасць людзей, якія разумеюць, што чалавек, які стаіць на чале дзяржавы амаль два дзесяцігоддзі, не можа бясконца перакладваць віну за шматлікія правалы ў сацыяльна-эканамічным і грамадска-палітычным развіцці краіны на іншых".
 

Паводле звестак НІСЭПД, адказваючы на пытанне аб тым, што адбываецца, калі ўлада ў краіне многія гады знаходзіцца ў руках адных і тых жа людзей, 24,5% сказалі, што гэта вядзе "да застою і адставанню ад іншых краін", 21,6% — "да ўзмацнення самавольства, росту карупцыі і злоўжыванняў" (хаця, на думку чвэрці апытаных, "гэта забяспечвае парадак і стабільнасць у краіне", яшчэ чвэрць лічаць, што "не важна, якія людзі стаяць ва ўладзе, галоўнае, каб выконваліся законы").



Эксперты НІСЭПД адзначаюць, што, нягледзячы на рост рэйтынгу кіраўніка дзяржавы, колькасць тых, хто лічыць, што "ў цэлым становішча рэчаў у нашай краіне развіваецца ў няправільным кірунку", усё яшчэ перавышае колькасць тых, хто прытрымліваецца супрацьлеглага меркавання, — 46,2% супраць 40,2%.



Для 55,1% "важней змяненне цяперашняга становішча ў краіне", чым яго захаванне (36,5%).



Адказваючы на пытанне аб тым, "ці магчыма пры цяперашнім кіраўніцтве краіны і палітыцы, якая ім праводзіцца, значнае паляпшэнне жыцця насельніцтва Беларусі", 43,8% сказалі "немагчыма" ("магчыма" — 47,1%).



За чалавека, які мог бы паспяхова канкурыраваць з Лукашэнкам, на наступных выбарах прэзідэнта гатовы прагаласаваць 53,2% удзельнікаў апытання НІСЭПД, а за дзейнага кіраўніка дзяржавы — 34,5%, паведамляе БелаПАН.

Фота — ria.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі