Сакавік у Беларусі скончыцца цёплым, але дажджлівым надвор'ем

Сакавік у Беларусі скончыцца цёплым, але дажджлівым надвор'ем

Сакавік у Беларусі скончыцца цёплым, але дажджлівым надвор'ем. Пра гэта ў Facebook напісаў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Дзмітрый Рабаў.

У аўторак, 29 сакавіка, будзе пераважна без ападкаў, толькі днём па захадзе магчымыя кароткачасовыя дажджы. Тэмпература паветра ноччу — ад 0 да мінус 6 градусаў, удзень — плюс 6-12 (па паўднёвым захадзе — да 13-14 цяпла). У сераду, 30 сакавіка, амаль па ўсёй Беларусі пройдуць кароткачасовыя дажджы. Тэмпература ноччу — мінус 1 — плюс 5, у дзённыя гадзіны — плюс 6-12, па паўднёвым захадзе да +14.

У чацвер, 31 сакавіка, таксама прагназуюцца дажджы. Яны будуць суправаджацца ўдзень месцамі ўзмацненнем ветру парывамі да 15-20 метраў за секунду. Тэмпература паветра ў начныя гадзіны складзе 1-8 градусаў са знакам плюс, у дзённыя — +7-12, па поўдні да 16 градусаў.

Паводле слоў Рабава, красавік пачнецца ў Беларусі з непагодлівага і прахалоднага надвор'я. У пятніцу, 1 красавіка, амаль па ўсё краіне чакаюцца дажджы. Тэмпература паветра крыху панізіцца і складзе: ноччу 0 — плюс 6 градусаў, удзень — плюс 3-9, па поўдні — 10-13 градусаў са знакам плюс.

У суботу, 2 красавіка,  у начныя гадзіны на большай частцы тэрыторыі нашай краіны пройдуць кароткачасовыя ападкі (мокры снег і дождж), а удзень ападкі прагназуюцца пераважна на ўсходзе. Ноччу і раніцай на асобных участках дарог магчымая галалёдзіца. Месцамі будзе ўзмацненне ветру парывамі да 15-20 метраў за секунду. Тэмпература паветра ўначы складзе мінус 2 — плюс 3, удзень — плюс 3-9 градусаў.

У нядзелю, 3 красавіка, зноў пацяплее, але магчымыя кароткачасовыя ападкі. Тэмпература ноччу складзе мінус 5 — плюс 2 градуса, удзень — плюс 5-10 градусаў, па поўдні — да 13 цяпла.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі