Саша Філіпенка пра Мінск: могуць і не пасадзіць — усе турмы перапоўненыя

Саша Філіпенка пра Мінск: могуць і не пасадзіць — усе турмы перапоўненыя

Пісьменнік Саша Філіпенка ў Фэйсбуку саркастычна апісаў свае ўражанні ад Мінска. Пісьменнік мае беларускае паходжанне, але цяпер жыве ў Расіі.

Філіпенка адзначае, што метро і мабільны інтэрнэт у Мінску працуюць, але — толькі пяць дзён у тыдзень. Усе найлепшыя рэстараны і галерэі зачыненыя.

Пісьменнік пералічвае праблемы, з якімі сутыкнуліся беларускія журналісты, акторы, студэнты, якія вучацца за мяжой:

"Калі за ранішняй кубачкам кавы вы любіце чытаць свежую і незалежную прэсу — дапамажыце з яе публікацыяй і распаўсюджваннем. Калі хочаце паглядзець пастаноўкі Нацыянальнага драматычнага тэатра — прывязіце з сабой акцёраў (мясцовых звольнілі). Калі вы журналіст, вас не пусцяць. Калі былы студэнт — таксама. Калі вы бяздарны прапагандыст або штрэйкбрэхер — вам будуць рады і, бо ў нас саюзная дзяржава, візы вам не патрэбныя". 

Згадвае ён і пра шматлікія затрыманні — як падлічылі праваабаронцы, за апошнія месяцы праз беларускія турмы прайшлі больш за 20 тысяч чалавек. 

"Калі вы не ведаеце якую вопратку ўзяць у дарогу — выбірайце спартовае і не забывайце пра пухавікі — у нас не холадна, але ў іх зручней спаць на нарах. Калі любіце катацца на ровары —веладарожак шмат, але вы фашыст. Чаму? Гэтага бескарыснага пытання ў Беларусі даўно няма", — іранізуе Філіпенка. 

Таксама ён пералічвае катэшгорыі людзей, якіх можна сустрэць у Мінску: "Калі сустрэнеце чалавека з камерай або пустым поглядам — гэта ціхар. Ён бяскрыўдны, можна пакарміць з рукі. Чалавек з языком у дупе — футбаліст нацыянальнай футбольнай зборнай. Калі такі ж, але вышэйшы — вядомы хакеіст. /.../ Калі да вас прыстае агрэсіўна настроены чалавек — не спрачайцеся — гэта міліцыянт. Калі побач спыніўся мікрааўтобус — бяжыце, але не трушком, а ва ўсю моц". 

Свой саркастычны тэкст пісьменнік завяршае запрашэннем у Мінск: "Увогуле, сардэчна запрашаем у Мінск, нічога не бойцеся і шмат шпацыруйце — могуць і не пасадзіць — усе турмы перапоўненыя".

У лютым 2020-га Філіпенка быў госцем Еўрарадыё і распавядаў пра сваю новую кнігу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі