"Сашка на калені, і слёзы на вачах". Як Капскі ледзь не прадаў Глеба ў Кіеў
Аляксандр Глеб. Фота: Reuters
У сярэдзіне 1990-х Аляксандр Глеб (тады — паўабаронца барысаўскага БАТЭ) ледзь не перайшоў у кіеўскае "Дынама". Клуб тады лічыўся еўрапейскім грандам, а яго гульню вызначалі беларусы Бялькевіч і Хацкевіч.
Атрымаўшы прапанову прыехаць на прагляд, Глеб разам са старшынёй праўлення БАТЭ Анатолем Капскім і тагачасным гендырэктарам клуба Уладзімірам Алейнікавым селі ў стары зялёны Volvo Капскага і адправіліся ў Кіеў.
"Лабаноўскі ў яго як быццам закахаўся. Чубараў [адміністратар" Дынама "(Кіеў). — Еўрарадыё] кажа: такога не было ніколі, каб ён гаварыў з кімсьці гадзіну, і вывеў нас сам, і з Толем абняліся... гэта было дзіва", — распавядае Уладзімір Алейнікаў ў фільме "Капский. Жизнь за мечту", знятым тэлеканалам" Беларусь 5". —
Глеб яму падыходзіць, ужо пачынаюцца размовы пра трансфер, пра кошт. Сашка амаль на калені, і слёзы на вачах: "Анатольіч [імя па бацьку Капскага. — Еўрарадыё], не пакідайце мяне тут. Я тут прападу. Тут 200 чалавек такіх, як я, на праглядзе.
Селі, пагаварылі. Я кажу: "Ну, супраць волі... Ну, тут нейкі прахадны двор, а ў нас жа дыяманцік". Не маё было меркаванне — яго [Капскага. — Еўрарадыё], яму трэба было так, мяне выслухаць: "Усё, збірайся, у машыну. Паехалі дадому".
У 2000 годзе Аляксандр Глеб перайшоў з БАТЭ ў "Штутгарт", сума трансферу склала прыблізна 150 тысяч еўра. Пасля гэтага Алейнікаў купіў сабе 600-й "Мэрсэдэс", Капскі — больш сціплы аўтамабіль, "Мэрсэдэс" серыі C.
У фільме распавядаецца яшчэ пра адзін трансфер футбаліста БАТЭ. У 2001 годзе кантракт Віталя Кутузава з "Міланам" быў падпісалі проста на стадыёне "Дынама" ў перапынку матчу Кубка УЕФА, калі "чырвона-чорныя" прыехалі ў Мінск. Дарэчы, той матч БАТЭ прайграла 0:2, адзін з галоў забіў украінскі форвард "Мілана" Андрэй Шаўчэнка.