Барысаўскі выканкам не падтрымаў перайменаванне "Барысаў-Арэны" ў "Капскі-Арэну"
Барысаўскі райвыканкам не падтрымаў перайменаванне "Барысаў-Арэны" ў "Капскі-Арэну" ў гонар заснавальніка і кіраўніка футбольнага клуба БАТЭ Анатоля Капскага, які заўчасна памёр у мінулым годзе. Восенню на сайце petitions.by сабралі амаль тысячу подпісаў. Ініцыятары падкрэслівалі, што поспехі клуба на міжнароднай арэне і ў Беларусі наўпрост звязаны з дзейнасцю Капскага. Яны таксама папрасілі дазволіць усталяваць каля арэны помнік Анатолю Капскаму, прапанавалі надаць яго імя вуліцы ці ўчастку вуліцы ў тым раёне.
У адказе з Барысаўскага райвыканкама згадваецца, што ФК БАТЭ "мае доўгую гісторыю, якая сыходзіць каранямі ў гісторыю БССР". А Капскі "сумесна з аднайменным заводам "БАТЭ" "прадпрыняў канкрэтныя дзеянні эканамічнага і арганізацыйнага характару... для стварэння футбольнага клуба". І ён стаў "вядучым гульцом у футбольным спорце Рэспублікі Беларусь". Аднак "увекавечанне памяці любога чалавека з'яўляецца далікатным пытаннем", пішуць чыноўнікі. Пры яго разглядзе трэба ўлічваць інтарэсы Анатоля Капскага і яго магчымыя пажаданні, меркаванне клуба, "пачуцці родных і блізкіх", а таксама "інтарэсы развіцця рэгіёна агулам". У адказе згадваецца, што падобныя рашэнні дапушчальныя "у выключных выпадках за асаблівыя заслугі перад дзяржавай і грамадствам".
Адказ райвыканкама падпісала Анастасія Копікава. Яна заняла пасаду намесніка старшыні райвыканкама, адказнага за ідэалогію і сацыяльную сферу, вясной мінулага года. Па адукацыі яна лекар-тэрапеўт. Да прызначэння ў выканкам працавала намеснікам галоўнага лекара Барысаўскай цэнтральнай райбальніцы.
Петыцыя накіроўвалася не толькі ў Барысаўскі райвыканкам, але і ў Адміністрацыю прэзідэнта. Верагодна, адказ з апошняй і пакажа, ці ёсць шанец на перайменаванне ўжо ў бліжэйшы час.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.