"СБ" крытыкуе ў справе Курапатаў мясцовыя ўлады і студэнтаў
"СБ. Беларусь сегодня" апублікавала матэрыялы "круглага стала", які прайшоў у рэдакцыі на тэму Курапатаў, месца масавага пахавання ахвяр палітычных рэпрэсій. У рэдакцыйным артыкуле адзначаецца "пэўная абыякавасць мясцовай улады да праблемы Курапатаў", памяць нявінных ахвяр не была належным чынам ушанаваная, а "вакуум запоўнілі розныя палітычныя сілы, фактычна "прыватызаваўшы" Курапаты". Таксама ў публікацыі крытыкуецца "студэнцкая карпарацыя, якая самаўхілілася" і за апошнія 25 гадоў ні разу не наладзіла там суботніка.
"Дзякуй энтузіястам, якія не ленаваліся гэта рабіць, якія ўсталявалі памятныя крыжы па перыметры ўрочышча і па меры сіл падтрымлівалі добраўпарадкаванне", — піша газета. У той жа час яна згадвае, што з'яўляюцца заклікі да "ўсенароднага пакаяння". "Цяперашняя Беларусь, яе кіраўніцтва, органы дзяржаўнай бяспекі не маюць нічога агульнага з тымі эксцэсамі, якія адбываліся 75 гадоў таму", — падкрэсліваецца ў рэдакцыйным артыкуле. А таму робіцца выснова, што патрэбы ў пакаянні няма.
Па выніках "круглага стала" галоўны рэдактар Павел Якубовіч сістэматызаваў прапановы. Галоўныя з іх наступныя: стварэнне ў Курапатах Усебеларускага мемарыяла памяці і смутку, адкрыццё там памятнага знаку. "Туды павінны прыходзіць хлопцы з БРСМ і "маладафронтаўцы", усе, хто любіць Беларусь і жадае ёй дабра", — піша выданне. Якубовіч збіраецца звярнуцца ў справе Курапатаў "на высокі палітычны ўзровень, у Адміністрацыю прэзідэнта", каб ідэі, выказаныя за "круглым сталом", "былі падтрыманыя і ўлада ўзяла іх пад сваю апеку". Ён перакананы, што адкрыццё ў Курапатах памятнага знаку мусіць прайсці "на высокім дзяржаўным узроўні".