Шаблінскі: “Канцэртную дзейнасць у Беларусі “прыспускаюць на тармазах”

Днямі чарговым прэзідэнцкім Указам у нашай краіне адрэгламентавалі правядзенне канцэртаў, жывых выступаў і дыскатэкаў у Беларусі. Еўрарадыё высветліла, што большасць арганізатараў канцэртаў змены не пужаюць, а ў некаторых момантах – нават абнадзейвае. Усе дарогі для арганізатараў канцэртаў у Мінску вядуць... у Канцэртны аддзел Упраўлення культуры Мінгарвыканкама. Менавіта гэтая арганізацыі і вырашае, быць, ці не быць любому канцэрту ў сталіцы.

Начальнік Канцэртнага аддзелу Уладзімір Валер’евіч патлумачыў ў інтэрв’ю Еўрарадыё, што асноўным новаўвядзеннем паводле Указа № 259 стала забарона для ІПэшнікаў ладзіць канцэрты больш чым для 150 чалавек:

“Індывідуальныя прадпрымальнікі маюць права арганізоўваць канцэрты на пляцоўках, дзе змяшчаюцца не болей за 150 чалавек. Калі хочаш зладзіць канцэрт для большай колькасці людзей – трэба арганізоўваць канцэртнае агенцтва”.


На думку Паўла Кашырына, прадзюсара гурта “Крама”, нічога істотнага ў арганізацыі канцэртаў не змянілася:

“Я не ведаю, чаму паднялі такі кіпіш з гэтым указам... Нічога такога супер-жахлівага там няма. Проста зараз ва Ўпраўленнях культуры будуць прызначаць экспертныя камісіі ў выпадку, калі будуць узнікаць пытанні. Будуць адслухваць аўдыёматэрыялы... так гэта і да выхаду ўказа было”.

Уладзімір Шаблінскі, выканаўчы дырэктар канцэртнага агенцтва “Лінія гуку”, якое нядаўна ладзіла тур НРМ па Беларусі, расказаў Еўрарадыё, што “культурныя” камісіі існуюць у нашай краіне даўно. Таму і баяцца з’яўлення нейкай там цэнзуры ў Беларусі ня варта:

“Камісіі наконт маральнасці яны існуюць – гэта факт. Камітэт па супрацьдзеянню прапаганды гвалту і парнаграфіі існуе ўжо больш за 10 год. Аднак ён займаецца збольшага кіна-відэа і фота прадукцыяй. Вось калі б увялі ліцэнзіраванне гастрольна-канцэртнай дзейнасці, – гэта было б сур’ёзна. Ці калі б адмянілі гастрольнае пасведчанне для беларускіх выканаўцаў – во гэта была б справа!”

Уладзімір Шаблінскі лічыць, што зараз у нашай краіне наогул назіраецца “паслабленне” ў адносінах да “жывых” выступаў

“Насамрэч на гэты момант гастрольна-канцэртную дзейнасць “прыспускаюць на тармазах” па ўсіх ўпраўленнях культуры Беларусі. У самім разуменні гэты ўказ – гэта добрае нагадванне чыноўнікам ад Міністэрства культуры наконт таго, што ў нашай краіне ёсць гастрольна-канцэртная дзейнасць і ёй трэба займацца”.

На думку начальніка Канцэртнага аддзела Мінгарвыканкама Уладзімір Валер’евіча, стварэнне “культурных” камісіяў справа выключная. А таму і няма чаго перажываць выканаўцам. Тым больш, што ў мастацкія саветы ніхто не збіраецца запрашаць айчынных састарэлых зорак поп-сцэны:

“Вось, напрыклад, прыходзіць да мяне нейкі невядомы гурт: я яго ні разу не чуў і не ведаю нават, што яны граюць. Гэта, канешне, выключны выпадак, аднак я ім гавару: “Прынясіце мне тэксты і вашыя запісы”. Я ж павінен паслухаць іх, а то можа яны пра які-небудзь сатанізм спяваюць? У такім выпадку мы збіраем спецыяльную камісію, куды запрашаем вядучых дзеячоў айчыннага шоў-бізнэсу. Дзеля таго, каб яны далі сваю адзнаку творчасці. Так, я звяртаўся апошнім часам да ды-джэяў беларускіх радыёстанцыяў, напрыклад. Ня думайце, што ў гэтых камісіях прысутнічаюць толькі нашыя “столпы” айчыннай музыкі, якім можна шчыра сказаць: “Вы не разумееце ўжо даўно моладзевую музыку!”

Тым болей няма чаго хвалявацца і ня так даўно рэабілітаваным гуртам:

“Папаўзлі ўжо чуткі, што зараз гурты пачнуць прыціскаць... Нібыта для тых, каму зараз дазволілі выступаць, будуць ствараць мастацкія саветы, як гэта спрабавалі зрабіць для “Крамы” ў мінулым годзе. Насамрэч, нічога асаблівага ў гэтым законе я не пабачыў”.


Супакоіў слухачоў Еўрарадыё Павел Кашырын.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі