Шчыліны ў сценах знайшлі ў 7 школах Магілёўскай вобласці
Але ў якіх канкрэтна, не называецца, “каб не разводзіць паніку”. Абрушэнне крычаўскай гімназіі прымусіла больш дэталёва даследаваць іншыя школы.
Камісія скончыла папярэдні агляд школ Магілёўскай вобласці — спецыялісты знайшлі праблемы ў 7 школах, дзе будзе праведзенае дадатковае даследаванне. Але небяспекі абрушэння сценаў няма. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў абласным аддзеле адукацыі.
"Дэфектаў, якія патрабуюць прыпынення эксплуатацыі, не выяўлена. Для ліквідацыі дэфектаў будзе зробленае дадатковае інструментальнае абследаванне, па яго выніках будуць дадзеныя заключэнні на распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі".
Эксперты правяралі ўсе школы вобласці, падобныя да крычаўскай, праблемы знайшлі ў сямі, але ў якіх канкрэтна — не кажуць, каб не разводзіць паніку. Асноўная прэтэнзія да гэтых школ — шчыліны ў сценах. Небяспекі для вучняў, на думку спецыялістаў, няма.
Нагадаем, што абследаваць школы магілёўскай вобласці вырашылі пасля абрушэння гімназіі ў Крычаве. На шчасце, гэта адбылося 29 жніўня, за некалькі дзён да пачатку навучальнага года, і ў будынку нікога не было. Яшчэ некалькі школ вобласці пабудаваныя па тым жа праекце, што гімназія ў Крычаве. Усе яны прайшлі агляд. У Магілёве гэта школы №32, 33, 34 і 35.
Дырэктар магілёўскай школы №33 кажа, што да іх ніякіх пытанняў не ўзнікла.
"Прыязджалі да нас людзі з камісіі. Яны хадзілі па двары школы, у будынак нават не заходзілі. А па школе ў нас ніякіх заўваг ніколі не было. Школа 1979 года, але калі камісія прыязджала, пытанняў па ўтрыманні будынка не было".
У школах №32 і 34 таксама кажуць, што прыязджала камісія з 8 чалавек, якая агледзела ўсю школу і зрабіла фотаздымкі.
Еўрарадыё даведалася, што школы такога ж тыпу, як крычаўская гімназія (праекты 1975-1983 гадоў), маюць адну агульную асаблівасць. Зліў вады з даха тут ідзе па трубе ўнутры сцяны.
Напрыклад у школе №34 Магілёва трубы зусім не відаць. Дырэктар тлумачыць, што яна ідзе з даха унутры сцяны адразу ў каналізацыю і зусім не выходзіць на вуліцу. Капітальнага рамонту ў школе не было з моманту пабудовы, але школа стаіць на чарзе.
У школе №32 труба ідзе унутры кладкі, але сток выходзіць на вуліцу. На фота бачна, што месца, дзе выходзіць труба, рамантавалі — замазвалі бетонам.
Сцены гімназіі, якая абрынулася ў Крычаве, камісія ацэньвала “на вока”
Усе гэтыя школы атрымалі пашпарт гатоўнасці да навучальнага года. Але тады ў камісій прэтэнзій не было. Чаму? Еўрарадыё даведалася, што ў камісію ўваходзяць прадстаўнікі санстанцыі, МНС, цеплаэнергетыкі і электрыкі. Што яны правяраюць, можна зразумець. Але прадстаўнікоў будаўнічых арганізацый у камісіі няма. Таму канструкцыю будынка правяраюць “на вока” самі ўласнікі будынка.
"Канструкцыю будынка могуць праверыць толькі спецыялізаваныя арганізацыі. Але вы зразумейце, штогод наймаць арганізацыю, каб праверыць усе школы па рэспубліцы... Па-першае, яны не справяцца, — тлумачаць Еўрарадыё ў адным з упраўленняў архітэктуры і будаўніцтва. — А па-другое, гэта не бясплатна і нятанна. Візуальны агляд ёсць вясновы і восеньскі. Усе будынкі і пабудовы аглядаюцца. Ёсць журналы ўстаноўленай формы. Агляд павінныя рабіць самі ўласнікі будынкаў".
Неспецыялісты без дадатковых даследаванняў маглі проста не заўважыць праблемы.
Цяпер сем "праблемных" школ за грошы будуць правяраць спецыялісты. Асноўная прэтэнзія — гэта шчыліны ў сценах. Іх будуць назіраць і больш дэтальна даследаваць. Калі небяспекі пашырэння шчылін няма, то іх затынкуюць, каб не трапляла вільгаць, альбо будуць умацоўваць.
Насупраць кабінета дырэктара
А гэта школа №34