"Шэрыя" мабільнікі ў сетках беларускіх аператараў працаваць не будуць

У Беларусі ўсё ж увядуць закон супраць "шэрых" мабільных тэлефонаў.  Калі тэлефон "шэры", то працаваць у сетках беларускіх аператараў ён не будзе
Паводле гэтага закона будзе створаная база IMEI-нумароў. У яе ўвойдуць усе "белыя" тэлефоны.

Закон ужо прайшоў другую дапрацоўку і зараз узгадняецца ўсімі зацікаўленымі ведамствамі. Пачне дзейнічаць ён у 2010, ці, можа, нават у 2009 годзе, — пра гэта Еўрарадыё распавёў начальнік аддзела Генпракуратуры па наглядзе і дазнанні Салаўдзі Магамадаў.

Салаўдзі Магамадаў: "Верагодней за ўсё, бо зараз заканчваецца яго ўзгадненне ва ўсіх ведамствах".

Усе новыя тэлефоны, якія будуць увозіць у Беларусь, унясуць у базу, і яны будуць лічыцца "белымі". А што ж рабіць са старымі тэлефонамі ці з тымі, якія купленыя, напрыклад, у Маскве, у адзінай мытнай прасторы? У першым варыянце закона іх можна легалізаваць за грошы.

Салаўдзі Магамадаў: "У новым варыянце закона там не патрабуюцца нейкія фінансавыя выдаткі, каб яго легалізаваць. Там вельмі спрошчаная працэдура, таму пытанняў не будзе ўзнікаць".

Так, у кожнага тэлефона нумар мусіць быць індывідуальны, але сёння ў Беларусі сотні тысяч тэлефонаў з аднолькавымі IMEI-нумарамі. 

Салаўдзі Магамадаў: "27 тысяч — гэта адзін факт з адным нумарам, але ў цэлым па рэспубліцы іх колькасць сотняў тысячаў дасягае".

Іх можна будзе легалізаваць і надаць ім індывідуальны нумар, але як гэта будзе адбывацца — ніхто пакуль не ўяўляе.

Аднак у пракуратуры не выключаюць, што могуць быць накладкі.

Салаўдзі Магамадаў: "Не выключана, што будуць узнікаць праблемы. Хтосьці заключае дамову на абслугоўванне яго тэлефона, а нумар супадае з тым, які ўжо абслугоўваецца. Ну, тут будуць праваахоўныя органы высвятляць, адкуль, якім чынам і дзе набылі тэлефон".

Так што мне з маім тэлефонам давядзецца даказваць, што ён не "шэры". Але спадар Магамадаў запэўнівае, што правы людзей парушаць не будуць. Нікога не адключаць раптоўна ці гвалтоўна. Галоўнае для міліцыі — высвятліць, адкуль гэты тэлефон. Каб перапыніць пастаўкі "шэрага" імпарту.

Салаўдзі Магамадаў кажа, што большасць "шэрых" тэлефонаў сабраныя не на заводах і не адпавядаюць нормам. Але Аляксандр Стэльмах, дырэктар кампаніі "Онлайнер" кажа, што, збольшага, тэхнічна "шэрыя" тэлефоны не адрозніваюцца ад "белых".

Аляксандр Стэльмах: "Тэхнічна яны не адрозніваюцца нічым. Такія тэлефоны прывозяць з Украіны і там ёсць свой "Укрчастотнагляд", які правярае апараты. Галоўнае, што гэты тэлефон не прайшоў сертыфікацыю ў Беларусі і за яго не былі выплачаныя мыты ды падаткі".

Зразумела, што пракуратура абараняе інтарэсы дзяржавы, якая не атрымоўвае грошы. Але для пакупніка "белыя" тэлефоны ў нашай краіне дарагія. Так, напрыклад, "шэры" тэлефон Nokia 5800 каштуе 350 долараў, аналагічны варыянт у "Еўрасетцы" — 688. Samsung c5212 Duos "шэрага колеру" можна набыць за 159 долараў, а "беленькая" мадэль абыйдзецца ў 779 тысяч рублёў (287 долараў). У пракуратуры спадзяюцца на аператараў, якія ўжо зараз прывозяць легальныя тэлефоны і прадаюць іх за нізкі кошт для сваіх абанентаў. Але ці здольныя яны задаволіць патрэбы рынку?

А што ж бывае з тымі "шэрымі" тэлефонамі, якія паспяваюць перахапіць нашыя праваахоўнікі? Іх, вядома, канфіскуюць у ўладальніка. Далей іх правераць. Калі ж высветліцца, што яны завадскія, яны патрапяць у продаж на карысць дзяржавы. І — о цуд! — "шэры" тэлефон становіцца "белым". І ніводнай плямы.

Якія ж ёсць шляхі памяншэння колькасці "шэрых" тэлефонаў у Беларусі?

Не трэба далёка хадзіць, кажа Аляксандр Стэльмах. Нашыя суседзі выбралі два варыянты. Расія лібералізавала рынак мабільных тэлефонаў. Там прасцей стала легальна прывезці тэлефоны. І цяпер колькасць "шэрага" рынка там складае каля 10 працэнтаў. Украіна ж пайшла па шляху, які абрала Беларусь. Там стварылі базу IMEI-нумароў з 80 мільёнаў мабільных, якімі ўжо карыстаюцца. А новы тэлефон, які ўвозіцца ў краіну, мусіць быць "белым" — інакш ён проста не будзе працаваць. А колькасць "шэрых" мабільных там імкнецца да 90 працэнтаў, як і ў Беларусі.

Калі закон усё ж увядуць, наступствы могуць быць розныя. Павысяцца кошты на тэлефоны, зразумела. З'явіцца чорны рынак перапрашыўкі. Аператары, якія зноў пачалі нарошчваць абаненцкую базу, могуць згубіць тэмпы. Таксама тром  беларускім аператарам прыйдзецца ўводзіць праграмна-апаратны комплекс, каб сачыць за IMEI-нумарамі, а гэта ім абыйдзецца ў 10 мільёнаў долараў. І не факт, што сам закон яшчэ будзе працаваць. Бо механізмаў пакуль няма. Сёння ў пракуратуры кажуць, што галоўнае — прыняць закон і прынцыповае рашэнне стварыць базу нумароў. А потым будуць распрацоўвацца механізмы.

Чытай таксама:





Фота: compulenta.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі