Шпілеўскі: Хочацца спытаць з гора-спецыялістаў па развіцці нашага футбола
Вядомы футбольны агент крытыкуе АБФФ, расказвае, чаму ў нашых гульцоў не хапае футбольнага інтэлекту і з-за чаго імі не цікавяцца ў Еўропе.
Вядомы футбольны агент Мікалай Шпілеўскі, які да нядаўняга займаўся Аляксандрам Глебам, узначальвае нямецкае футбольнае агенцтва Soccer and More, што прадстаўляе інтарэсы футбалістаў з “Арсенала”, “Ньюкасла”, “Баера” і многіх іншых вядомых клубаў Заходняй Еўропы. Спецыяліст, які некалі сам гуляў у мінскім “Дынама”, сочыць за матчамі нашай нацыянальнай каманды, у курсе ўсіх спраў.
“І Георгій Кандрацьеў, і футбалісты зборнай ― гэта толькі прадукты таго, што адбывалася ў нашым футболе апошнімі гадамі. І мне здаецца, што Георгій паспяшаўся, абраўшы для сябе сыход са зборнай. Напэўна, чалавеку трэба было даць дапрацаваць, ― выказваецца Мікалай Шпілеўскі. ― У футбалістаў было і жаданне, і воля да перамог, але не хапіла выканаўчага майстэрства. Таму асабіста мне хацелася б звярнуцца да кіраўнікоў нашай футбольнай гаспадаркі, каб там не шукалі казлоў адпушчэння, як здарылася з Жорам Кандрацьевым. Хачу спытацца, хто менавіта адказвае за стратэгію развіцця беларускага футбола? Спісваць усё на хлопцаў, што ў іх няма кваліфікацыі, каб спаборнічаць з сур’ёзнымі сапернікамі, гэта не зусім правільна. Лепш пацікавіцца ў гэтых гора-спецыялістаў па развіцці беларускага футбола, чаму яны не даюць футбалістам належных тэхналогій для развіцця”.
Еўрарадыё: Мы аказаліся ззаду славакаў і украінцаў. Як выйсці з гэтай сітуацыі? Што рабіць?
Мікалай Шпілеўскі: Мы па менталітэце і характары нармальныя таленавітыя людзі. Але гэты талент трэба сёння падтрымліваць нейкімі ноў-хаў-тэхналогіямі ва ўсіх аспектах. Футбольную гаспадарку трэба перагледзець, задаўшы пытанне, што было зроблена і як ехаць далей. І мне незразумела. Ёсць нашы спецыялісты, якія жывуць у Еўропе. Той жа Сяргей Алейнікаў, той жа Саша Глеб мог бы даць практычныя парады, той жа Мікалай Шпілеўскі, хоць пра самога сябе казаць не хочацца. Але да мяне ніхто ніколі не звяртаўся, нават каб правесці хаця б агульную канструктыўную гутарку.
Еўрарадыё: Ці маеце вы канкрэтныя прапановы?
Мікалай Шпілеўскі: Мой сын Аляксей ва ўзросце 21 года мае ліцэнзію вышэйшай катэгорыі і загадвае секцыяй дзіцяча-юнацкага футбола ў агромістым міжнародным праекце Red Bull Leipzig. Гэта вялізная школа. Там ужываюць усе ноў-хаў, дзеці з сямі гадоў пачынаюць разумець філасофію сучаснага футбола. У Беларусі гэтага няма, бо мы не можам устаканіць сваю футбольную гаспадарку ў адну сістэму і схему. Ёсць агромістыя напрацоўкі, і я з патрыятычных памкненняў гатовы імі падзяліцца. Сын таксама мае такое жаданне. І я не разумею, чаму ў людзей з Дома футбола няма ініцыятывы гэтым пацікавіцца і гэта рабіць. Атрымаць аўдыенцыю ў Red Bull Leipzig няпроста, там усё пад знакам “сакрэтна”. Але праз нас магчыма атрымаць доступ да найноўшых тэхналогій. І сёння не выкарыстаць беларусам такую схему ― гэта грэх, гэта няправільна. Але ў людзей з федэрацыі, на жаль, няма нейкіх дыпламатычных памкненняў са мной паразмаўляць на гэтую тэму.
Еўрарадыё: У маладым узросце сённяшнія гульцы зборнай былі топавымі. Але потым рост запаволіўся. З-за чаго?
Мікалай Шпілеўскі: Гэта агульная праблема сучаснага футбола. Будзь гэта Англія, Германія, Францыя, Расія ці Беларусь. Разам з усімі маімі спецыялістамі і скаўтамі мы нядаўна абмяркоўвалі тэму пераходу ў дарослы футбол. І тут, як нам здаецца, агромістую вагу мае менталітэт асяродку, дзе гэтыя футбалісты развіваюцца, тое, з кім яны развіваюцца. Не буду навязваць сваю значнасць, што сёння без Шпілеўскага нехта не дасягнуў бы таго ці іншага пераходу. Але сітуацыя вострая. Насамрэч. агент і павінен накіроўваць футбаліста ў патрэбнае рэчышча. У стаўленні да жыцця, да сябе, у стаўленні да прафесіяналізму. А калі футбаліста не падтрымліваюць, калі чалавек не бачыць перспектывы, то ён пачынае ламацца.
Еўрарадыё: То бок мала хто з зорак маладзёжнай зборнай пайшоў правільнай дарогай. Так?
Мікалай Шпілеўскі: Не аказалася побач тых людзей, якія хаця б кропкава далі ім шанец больш-менш праявіць сябе ў сур’ёзным клубе. З іншага боку, ўзнікае пытанне, ці гатовы футбаліст сам на гэтыя выпрабаванні. Можа быць, і ў нашых футбалістаў не хапае менталітэту развівацца. Можа быць, яны задаволеныя тым, што ў іх ёсць. То бок тут такое замкнёнае кола, з якога нам усім трэба разам выходзіць. Не ўтойваю, што тры гады таму ў мяне было жаданне папрацаваць з Паўлам Савіцкім (нападаючы зборнай Беларусі і гродзенскага “Нёмана” ― Еўрарадыё). Але чалавек абстрагаваўся разам са сваім бацькам, што мы самі з вусамі і ідзём сваім шляхам. Насамрэч, атрымліваецца так, што футбалісты далей не развіваюцца. А стандарт беларускага футбола, на жаль, не дацягвае, бо тэхналогіі пайшлі настолькі наперад, што гэта нельга замоўчваць. І мне непрыемна, што маючы такі футбольны патэнцыял, мы не можам канкураваць з камандамі, з якімі павінны нармальна гуляць і дамінаваць у гульні, і па ходу гульні не раз мяняць тактыку. Але такое ўражанне, што ў футбалістаў няма футбольнага інтэлекту, каб выконваць тыя ці іншыя задумы трэнера.
Еўрарадыё: Ведаем, што на нейкім этапе вас расчаравалі не зусім адэкватныя падыходы некаторых маладых беларускіх футбалістаў да справы. Што сёння трэба зрабіць, каб больш беларусаў гулялі ў Заходняй Еўропе?
Мікалай Шпілеўскі: Сёння ў развіцці дзіцяча-юнацкага футбола Еўропа пайшла настолькі далёка, што беларускі рынак ім проста нецікавы. Ён зможа быць цікавы толькі ў адным выпадку. Хачу папрасіць прабачэння за сваю пампезнасць, але калі Мікалай Шпілеўскі знойдзе чалавека, які годны быць у Еўропе, то, напэўна, я гэта рашэнне прыму. Таму я схіляюся да думкі, што на дадзены момант трэба развіваць унутраны чэмпіянат. А наконт ад’ездаў у Еўропу, гэта могуць быць адзінкавыя выпадкі. Гэта Саша Глеб, перад якім трэба зняць капялюш, хоць ён і не цалкам рэалізаваў свой патэнцыял. У апошні вагон ускочыў Сярога Крывец (дарэчы, кліент кампаніі Шпілеўскага Soccer and More ― Еўрарадыё). Усё астатняе ― гэта суцэльныя ілюзіі.
Фота ― tribuna.com