Шпілеўскі: Уся прорва беларускага футбола ― у кадрах і іх кампетэнцыі
Фота з архіву Мікалая Шпілеўскага
Адзін з самых знакамітых беларускіх футбольных агентаў Мікалай Шпілеўскі ўжо шмат гадоў жыве ў Германіі, але цесна звязаны з нашым футболам. У мінулым быў прафесійным гульцом. Выступаў за мінскае "Дынама", магілёўскі "Днепр". У 1993 годзе з'ехаў гуляць у Германію. З-за траўмы завяршыў кар'еру гульца і стаў футбольным агентам. Першым яго падапечным стаў Аляксандр Глеб. Сярод кліентаў Шпілеўскага былі многія вядомыя гульцы зборнай ― Антон Амельчанка, Ігар Шытаў, Антон Пуціла. Цяпер прадстаўляе інтарэсы Сяргея Чэрніка і маладога талента Кірыла Кірыленкі. Нядаўна Мікалай наведаў фінал Кубка Беларусі і таварыскі матч нашай зборнай з камандай Швейцарыі. Еўрарадыё вырашыла спытаць у спецыяліста, якім яму бачыцца сучасны беларускі футбол, што тармозіць яго развіццё і ці з'явяцца ў нас новыя Аляксандры Глебы.
Мікалай Шпілеўскі: Пасля гульні Швейцарыя-Беларусь удалося трохі пагутарыць і з Ігарам Крывушэнкам, і з маім футбалістам Сяргеем Чэрнікам. Адно скажу: я заўсёды спрабую шукаць добрыя рэчы і пазітыўна ацэньваць хлопцаў і трэнерскі склад. Хачу сказаць, што мне вельмі спадабалася праца галоўнага трэнера Ігара Крывушэнкі, была бачная ўпэўненасць. Асабліва ў другім тайме, перш за ўсё, з выхадам Пашы Савіцкага, Дзяніса Лапцева, Арцёма Быкава наладзіўся малюнак гульні. У другім тайме адчувалася рука трэнера, было бачна, што Крывушэнка кіруе камандай.Што тычыцца першага тайма, то тут зразумела: у хлопцаў, напэўна, быў мандраж, і практычна ніякага кантролю мяча з боку нашай зборнай не было. Але гэта я кажу пра лакальныя пазітыўныя моманты. Калі браць у цэлым, то настолькі відавочная розніца ў класе, у індывідуальным майстэрстве гульцоў, што гэта нават не абмяркоўваецца. І калі мы пытаемся пра тое, за кошт чаго збіраемся перамагаць у будучым, то зыходзячы з таго калектыву, які ёсць, гэта можа быць правільная тактыка і жалезная дысцыпліна. Вырашаць пытанні за кошт індывідуальных дзеянняў гульцоў вельмі цяжка. Мы вельмі моцна адстаём: і ў тэхналогіях, і літаральна ва ўсім. Калі зноў жа ўзяць зборную Швейцарыі, то там настолькі відавочнае менавіта індывідуальнае майстэрства: у прыёме мяча, у апрацоўцы мяча, пастаянная уключанасць у гульню, мысленне... Хоць у гэтай гульні мне вельмі спадабаўся Павел Савіцкі, нягледзячы на тое, што на яго шмат нараканняў. Але спадзяюся, што малады чалавек узяўся за галаву, таму што ў яго ёсць футбольны талент.
Еўрарадыё: Нядаўна ў зборнай Беларусі памяняўся трэнер. У чым, на ваш погляд, розніца паміж камандай Хацкевічам і Крывушэнкам?
Мікалай Шпілеўскі: Пакуль цяжка пра гэта казаць. Радыкальна памяняўся склад, прыйшлі хлопцы, для якіх абсалютна ўсё новае. Яны сёння не могуць мерацца сваім майстэрствам з масцітымі гульцамі, але гэта плён нашай работы ці плён нашай неработы, якая адбывалася ў апошнія гады ў нас у краіне. Мы сёння глядзім на зборную Швейцарыі, дзе практычна восем асіміляваных албанцаў, якія пражывалі на тэрыторыі Швейцарыі, дзе працавала ўся гэтая сістэма і структура дачы футбольнай адукацыі гульцам. Таму мы і бачым зборную гэтай краіны, якая працуе як швейцарскі гадзіннік. Ігару Крывушэнку патрэбная будзе велізарная праца менавіта з тым матэрыялам, які ёсць на сённяшні дзень. Сёння цяжка 25-гадовым хлопцам даваць нейкія навыкі. Што маем, тое маем. Трэба зняць капялюш перад нашымі ветэранамі: і перад Сашам Глебам, Сяргеем Карніленкам, Калачовым, Жаўновым ― можна многа пералічваць хлопцаў, якія пакінулі велізарны след і ў зборнай, і ў беларускім футболе. Але гэта ўжо гісторыя, і трэба працаваць з новым пакаленнем. Вядома, хацелася, каб у будучыні хлопцы былі больш адукаванымі ў футбольным плане.
Еўрарадыё:, Як вы думаеце, наколькі апраўдана так радыкальна адмаўляцца ад паслуг правераных гульцоў і выклікаць у зборную столькі пачаткоўцаў?
Мікалай Шпілеўскі: Гэта не мая кампетэнцыя, адказваць на такія пытанні. Напэўна, прыйшоў час, і тыя людзі, якія гатовыя гуляць за зборную, яны і павінны за яе гуляць. Пытанне ў іншым ― што з гэтага атрымаецца? Але ўсе павінны глядзець праўдзе ў вочы і выразна разумець, што сёння мы знаходзімся не на тым індывідуальным узроўні, каб супернічаць з масцітымі супернікамі. Зразумела, сёння і федэрацыя футбола, і ўсе мы хочам бачыць перамогі і вынік, але чыста лагічна мы не можам выйграваць у зборных сярэдняга ўзроўню. Нічога немагчыма з нічога. Я жыву ў Заходняй Еўропе і штодня бачу, як функцыянуюць футбольныя акадэміі, як рыхтуюцца футбалісты і з якой футбольнай адукацыяй яны выходзяць у вялікі спорт. На жаль, у нас з гэтым велізарныя праблемы, што адбіваецца і на нацыянальнай зборнай.
Еўрарадыё: Паміж Беларуссю і Швейцарыяй ў рэйтынгу ФІФА ― бездань: 83-е і 9-е месцы, адпаведна, хоць краіны супастаўныя па колькасці насельніцтва і, напэўна, па ўмовах надвор'я. Адкуль такая розніца?
Мікалай Шпілеўскі: Уся прорва ў кадравым голадзе. Мы можам шмат усяго казаць, але відавочна, што ёсць велізарныя праблемы ўвогуле ў кампетэнцыі нашага футбола. Так, шмат робіцца арганізатарскіх момантаў, і з боку федэрацыі, але гэтага вельмі мала, каб выхоўваць годных футбалістаў. Сёння футбол настолькі далёка сышоў... Просты прыклад. Мой сын з'яўляецца супрацоўнікам лейпцыгскага клуба Red Bull. Калі да яго прыязджаюць людзі з Беларусі, то проста не разумеюць нічога. Тэхналогіі сышлі далёка. Для таго, каб на выхадзе ў маладых футбалістаў быў рэальны вынік, патрэбныя спецыялісты, патрэбныя фінансы. А супастаўленне колькасці жыхароў ― у гэтым ніякай логікі няма. Можна ў прыклад прывесці такую краіну як Ісландыя, дзе якасць футбола ў разы вышэйшая, чым у Беларусі.
Еўрарадыё: Калі вы кажаце пра кадравы голад, якіх канкрэтна кадраў у нас не хапае?
Мікалай Шпілеўскі: У мяне такое ўражанне, што сёння ўсё ў беларускім футболе адасобленае, няма нейкай цэнтралізаванай работы. Вось, да прыкладу, Германія. Тут усё пабудавана на жалезнай дысцыпліне. Сёння ўвесь нямецкі футбол падпарадкаваны адной філасофіі ў нацыянальных зборных ад верху да нізу. І ўсе выразна разумеюць, хто і што робіць. Так, гэта карпатлівая цяжкая мурашыная праца, але гэта прыносіць вынік. Сёння там ёсць пэўная сістэма. У нас жа яе няма. Я не хацеў засяроджвацца на нюансах, некаторых рэчах, звязаных з дысцыплінай і гэтак далей. На гэтую тэму можна размаўляць суткамі. А што тычыцца кадраў, то іх не хапае ўсюды, напрыклад, у медыцыне, у фітнэсе. Сёння футбол ― гэта гатоўнасць пажыраць кіламетры, працаваць агрэсіўна. Але немагчыма гэтага патрабаваць ад футбаліста, які чыста фізічна і функцыянальна абсалютна да гэтага не гатовы. Просты прыклад: каманда з другой нямецкай Бундэслігі, цалкам за ўвесь фітнэс адказвае чалавек з трыма вышэйшымі адукацыямі, уключаючы гуманную медыцыну і астэапатыю. Там людзі на працягу трох гадоў не атрымліваюць ніводнай траўмы. Ідзе поўная сістэмная праца. Існуе татальны кантроль футбаліста да трэніровачнага працэсу па самых перадавых навуковых тэхналогіях. Перад кожнай трэніроўкай камп’ютар выдае дадзеныя, ці быў футбаліст заўважаны недзе, ці быў ён на алкаголі і гэтак далей. А ў нас кажуць, што і так усё добра ведаюць. Але потым уся праўда выходзіць на футбольным полі.
Еўрарадыё: Але ўсё, пра што вы кажаце, шмат у чым ўпіраецца ў фінансы.
Мікалай Шпілеўскі: Безумоўна! Сёння ні адзін адмысловец, які паважае сябе, не прыедзе займацца гуманітарнай дапамогай. Той жа медыцынскі аддзел, які выразна разумее, пра што ідзе гаворка ў працы з футбалістамі, каштуе пэўных грошай. Другое пытанне, ці гатовы сам футбаліст да такіх цвёрдых патрабаванняў. Ён павінен быць фізічна гатовы да выканання ўсіх тактычных заняткаў. Калі мы сёння бярэм Red Bull Лейпцыг, то для нас гэта наогул космас. Футбалісты за гульню набягаюць па 13-14 кіламетраў, ідзе пастаянная вертыкаль, а не катанне ваты папярок поля або назад. Там нават падчас трэніроўкі ўсе практыкаванні робяцца з вектарам наперад, няма ні аднаго практыкавання, каб гульцы працавалі з мячом упоперак. А на палях стаяць відэакамеры, якія кантралююць увесь гэты працэс. Вядома ж, да гэтай працы яны павінны быць гатовыя. Таму з імі працуюць і фізіятэрапеўты, і псіхолагі, якія з футбалістаў робяць ваяроў. А ў нас, на жаль, на гэта не хапае ні кампетэнцыі, ні фінансаў.
Еўрарадыё: Калі казаць пра будучыню, то наша моладзевая зборная ў таварыскім матчы паказала, што нас чакае (параза ад Расіі 0:7 на таварыскім матчы)?
Мікалай Шпілеўскі: Не зусім крытычна хацелася б ставіцца да хлопцаў. Дай бог, каб гэты вынік паслужыў для іх добрым урокам, і ў наступнай гульні яны выправілі гэтае становішча. Можа быць, гэта і не зусім дрэнна, каб лішні раз зразумець, дзе мы знаходзімся. Я не скажу, што ў нас самыя дрэнныя футбалісты, але сёння футбол ацэньваецца па выніку, а вынік, на жаль, негатыўны. Усё ж такі хочацца, каб маладыя хлопцы выхоўваліся ў духу пераможцаў.
Еўрарадыё: А наколькі на выхаванне ўплывае сацыяльная культура, грамадства, якое акружае, менталітэт?
Мікалай Шпілеўскі: Вельмі моцна ўплывае. У мяне самы галоўны прынцып ― глядзець у вочы, калі размаўляю з футбалістам. Некаторыя глядзяць на гэта трошкі дзікавата. Склалася ўражанне, што нашы хлопцы моцна закамплексаваныя. І сама наша беларуская культура паводзінаў, менталітэт тармозяць футбольнае развіццё. Я каля 25 гадоў жыву ў Заходняй Еўропе, і мне ёсць, з чым параўноўваць. Хочацца, каб нашы футбалісты былі высокаадукаванымі людзьмі. На Захадзе гэта вельмі каштоўная якасць. Ва ўсіх акадэміях акцэнт робіцца менавіта на школьнай адукацыі. Вядома, футбол на першым месцы, але ўсё роўна вылучаюцца патрабаванні па агульным развіцці: замежныя мовы, псіхалогія, культура зносін, этыкет. З гэтым вялікія праблемы не толькі ў беларускім футболе, але і ў грамадстве ў цэлым.
Еўрарадыё: Такія футбалісты, як Аляксандр Глеб, у беларускім футболе нараджаюцца рэдка, можа, вы ўжо запрыкмецілі каго-небудзь, хто мог бы стаць новым Глебам?
Мікалай Шпілеўскі: Шлях Аляксандра Глеба быў цесна звязаны з маім шляхам, я даў яму гэтую магчымасць. І Аляксандр з годнасцю гэты шлях пераадолеў, хоць апошнія гадоў сем, напэўна, яго кар'ера павінна была развівацца крыху па-іншаму, ён быў варты большага. У Глеба мегаталант. Гэта факт. А так сказаць, што сёння вырасце новы Аляксандр Глеб або ў Мікалая Шпілеўскага з'явіцца моцная матывацыя кімсьці так заняцца... Напэўна, так. Мне імпануе 16-гадовы Кірыл Кірыленка, які цяпер гуляе ў Брэсце. Па гульні са Швейцарыяй мне вельмі спадабаўся Павел Савіцкі, хоць чалавек ужо не ва ўзросце Глеба, якому тады было 17 гадоў. Сяргей Чэрнік адназначна свой шлях пройдзе годна. Таксама вельмі моцна падабаецца неардынарны футбаліст "Шахцёра" Віталь Лісаковіч, якога, на жаль, траўмы часта выбіваюць з ладу. Падабаецца гулец брэсцкага "Дынама" Павел Сядзько... Але ўсё ж такі гэта такія эпізоды. Ім яшчэ трэба вельмі шмат працаваць. Я спадзяюся, што на шляху ў іх далейшым развіцці будуць годныя людзі. Калі я ўбачу гульца, якога можна прасоўваць на Захад, то я, безумоўна, гэта буду рабіць. Натуральна, патрэбная падтрымка і клуба, у якім ён на дадзены момант гуляе. Таму што некаторыя кіраўнікі жывуць сваім светам і думаюць, што прыйдзе Мікалай Шпілеўскі або нехта яшчэ і выкладзе велізарныя грошы за футбалістаў. Я магу адназначна сказаць, такога не будзе. Сёння ў Беларусі ніхто не каштуе ніякіх грошай, тым больш велізарных. Яны могуць каштаваць, але толькі калі атрымаюць шанец загуляць на Захадзе, і праз год, калі яны дакажуць сваім клубам, што ў іх не памыліліся, то яны атрымаюць свае фінансы. А сказаць, што сёння хтосьці прыедзе ў Беларусь і за кагосьці адваліць мільёны, гэта суцэльная ўтопія.
Еўрарадыё: Вы пералічвалі хлопцаў, якія супрацоўнічаюць з вамі ці ў іх свае менеджары?
Мікалай Шпілеўскі: Мне не важна, хто з кім супрацоўнічае, якія ў каго менеджары.Я гатовы кожнаму дапамагчы. Самае галоўнае, каб з'явіўся такі футбаліст. Шчыра кажучы, я фізічна стаміўся змагацца з ветракамі, тлумачыць кіраўнікам беларускіх клубаў, што сёння ў чарзе за вашымі футбалістамі ніхто не стаіць, і ніколі стаяць не будзе.