Што горш: еўрапейскае падзенне цэн ці беларуская інфляцыя?
Беларускія цэны растуць на фоне дэфляцыі ў Еўропе. Зніжэнне коштаў на тавары і паслугі фіксуюць у Грэцыі, Іспаніі, Балгарыі, Польшчы і Літве.
У лютым літоўская гандлёвая сетка Maxima панізіла цэны на 1000 найпапулярнейшых тавараў. А ўчора, 7 красавіка, кампанія заявіла, што мае намер знізіць цэны яшчэ на 500 тавараў. Пра тое ж абвяшчае гандлёвы цэнтр Rimi. Патаннее хлеб, малочныя прадукты, прысмакі, напоі, гігіенічныя прыналежнасці, перадае літоўскі партал DELFI.
Паводле афіцыйных дадзеных Еўрастата, у 15 з 19 краінах еўразоны ў першыя месяцы года фіксавалася дэфляцыя. Вышэйшай за 1% яна была ў Грэцыі, Іспаніі, Літве.
Эканаміст, эксперт “Ліберальнага клуба” Антон Боўтачка адзначае, што адной з магчымых прычынаў дэфляцыі ў еўразоне з’яўляецца гандлёвае эмбарга Расіі. Яно напоўніла ўнутраныя рынкі краінаў ЕС уласнай прадукцыяй, якая мусіла ісці на экспарт. Тавараў стала больш, каб іх рэалізаваць, вытворцы вымушаныя зніжаць цэны.
Эксперт адзначае, што дэфляцыя з’яўляецца моцнай пагрозай для эканомікі. Пры зніжэнні цэнаў на тавары і паслугі людзі пачынаюць менш траціць, бо чакаюць далейшага зніжэння цэнаў. Так робяць і суб’екты гаспадарання. Яны не ўкладаюць інвестыцый і сродкаў у пашырэнне і мадэрнізацыю вытворчасці, а чакаюць, пакуль цэны на сыравіну зменшацца, зніжаючы сабекошт прадукцыі. Гэта прыводзіць да паступовай стагнацыі эканомікі. У найгоршым выпадку — да рэцэсіі.
Пра гэта кажа і эканаміст цэнтра “Цытадэль” Аляксандр Сінкевіч. На фоне скарачэння рынкаў попыту еўрапейскіх тавараў краіны Еўропы вымушаныя прадаваць са стратамі. Гэта прывядзе да скарачэння вытворчасці.
“Усе пачнуць скарачаць расходы, інвестыцыі. І ў выніку эканамічнае падзенне можа расцягнуцца на шмат гадоў. Як адбылося з вялікай дэпрэсіяй у Амерыцы”.
Антон Боўтачка кажа, што Еўрапейскі Цэнтрабанк спрабуе павялічыць інфляцыю ў еўразоне таму, што яна мусіць павысіць дзелавую актыўнасць:
“Калі ёсць інфляцыйны працэс, людзі спрабуюць хутчэй пазбаўляцца ад грошай. Спрабуюць іх траціць. Гэта павышае попыт. З’яўляецца больш кампаній, якія гэты попыт задавальняюць”.
Але разам з тым эксперт лічыць, што дэфляцыя не такая страшная, бо яна натуральным чынам аздараўляе эканоміку. Неканкурэнтаздольныя вытворцы, якія не могуць прыстасавацца да нізкіх цэнаў, сыдуць. Застануцца толькі самыя гнуткія.
Інфляцыя ўсё ж больш непрыемная з’ява. Бо цэны могуць падымацца да бясконцасці, ператвараючыся ў гіперінфляцыю. А вось дэфляцыя будзе павялічвацца толькі да таго ўзроўню, пакуль вытворцы не змогуць апускаць цэны, а спажыўцы пачнуць набываць і за большыя грошы.
“Цана на тавар не можа падаць да нуля. Дэфляцыя заўжды змяняецца інфляцыяй. А вось інфляцыя можа расці і да 100000% за год”.
Нагадаем, паводле дадзеных Белстата, інфляцыя ў Беларусі за мінулы год склала 18,1%. А за два месяцы 2015 года — 4,1%.
Фота: top.rbc.ru