Што думаюць футбалісты зборнай пра фанатаў і суды над імі
Калачоў супраць палітыкі, Крыўцу фанаты спадабаліся, Кісляк адчуваў, што гуляе не дома, а Балановіч ведае пра суды над украінцамі з інтэрнэту.
Футбольны матч зборных Беларусі і Украіны абмяркоўваюць не толькі праз гульню, якую нашы прайгралі 0:2. І нашы, і жоўта-блакітныя фанаты зладзілі сумесны перфоманс, спяваючы вядомую песню пра Пуціна, а таксама ляпісаўскую “Воины света”, перагукаючыся лозунгамі “Слава Украіне”, “Жыве Беларусь”, “Разам і назаўжды”.
А пасля футбола былі страты з абодвух фанацкіх сектараў. Восем украінцаў у выніку атрымалі па пяць сутак арышту. 12 беларусаў атрымалі штрафы. Такім чынам папіярылася і беларуская міліцыя, бо навіна пра затрыманні разышлася нават па топавых сусветных СМІ. У сітуацыю ўмяшаўся прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка, які запатрабаваў вызваліць заўзятараў.
У кожным разе атмасфера на “Барысаў-Арэне” была своеасаблівая і прыязная. Фанацкія сектары сінхронна падтрымлівалі і тых, і тых. Цікава, як гэта адбілася на футбалістах нацыянальнай зборнай Беларусі.
“Я лічу, што паводзіны заўзятараў былі няправільныя. Гэта былі не столькі заўзятары, колькі група людзей… Крычаць палітычныя лозунгі, я лічу, было няправільна, — выказваецца Цімафей Калачоў, капітан беларусаў, гулец расійскага “Растова”. — Што да нашых заўзятараў, то калі вы прыйшлі на футбол, то трэба ж сваю каманду гнаць наперад. Можа быць, у нас у канцоўцы і атрымалася б не прайграць. А выкрыкванні ў адрас Расіі — гэта сапраўды, я лічу, глупствы і няправільныя паводзіны. Ну і футбол — гэта не месца, напэўна, для гэтых рэчаў”.
Еўрарадыё: А як павінна быць, каб гэта дадавала матывацыі футбалістам?
Цімафей Калачоў: Я нікога не збіраюся навучаць і падказваць. Але калі ў нас няма культуры заўзення, то гэта так ёсць. Ну а што зробіш? Раней на “Дынама” заўзятары пастаянна гналі нас наперад. З’яўляліся дадатковыя сілы. Ну а калі стадыён глядзіць футбол, як у тэатры… Раз на стадыён прыйшлі, трэба заўзець, нейкія эмоцыі выплёскваць, гнаць сваю каманду, перажываць. Так, напэўна, скажу.
Еўрарадыё: Пасля матча фанатаў затрымлівалі. Афіцыйна — за знаходжанне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане. Паводле версіі ўкраінскіх заўзятараў — за бел-чырвона-белы сцяг на майках. Сітуацыя такая, што мы маем у Беларусі дзяржаўны сцяг і гістарычны. І існуе тэндэнцыя, што многія заўзятары любяць бел-чырвоныя колеры. Міліцыі гэта не падабаецца. Як лічыце, затрыманні фанатаў наносяць страты футболу ці міліцыя робіць правільна?
Цімафей Калачоў: Паводзіны заўзятараў часам наносяць шкоду ў прыватнасці клубам. Напрыклад, заўзятары ЦСКА нарабілі справаў, і цяпер клуб праз гэта атрымаў страты. Канечне, затрымліваць кагосьці таксама няправільна. Але калі людзі займаюцца не заўзеннем, а выкрыкваюць палітычныя лозунгі… Напэўна, іх таксама затрымліваюць не проста так. Хоць у нас краіна таксама такая, што за ўсялякія правіннасці можна пацярпець. Гэта паказчык таго, што паводзіць сябе трэба асцярожна.
Гулец французскага “Меца” Сяргей Крывец не крытыкуе заўзятараў і лічыць падтрымку трыбун добрай.
“Хоць што крычалі, не чуў, бо быў цалкам у гульні. А пасля адразу паехалі ў гатэль, таму не ў курсе, што адбывалася на стадыёне і каля яго”, — паведамляе Еўрарадыё паўабаронца.
Задумваўся пра атмасферу на “Барысаў-Арэне” і паўабаронца Сяргей Кісляк, гулец казанскага “Рубіна”.
“Камфортна гуляць было. Але хацелася б, каб фанаты зборнай Беларусі заводзілі стадыён, а не група падтрымкі Украіны, — падказвае футбаліст. — Таму што такое адчуванне спачатку складвалася, што гуляем не ў сябе дома”.
Што да затрыманняў фанатаў, то Сяргей Кісляк лічыць такія дзеянні міліцыі няправільнымі:
“Людзі прыходзяць на стадыён, і не думаю, што яны там робяць нешта ўжо такое дрэннае. Што да маек з пэўнай сімволікай, то я дакладна не ведаю законаў, але лічу, што палітыку не трэба ўмешваць у футбольныя справы. Але міліцыя таксама робіць няправільна”.
Еўрарадыё: Як вы ставіцеся да прыхільнасці фанатаў да бел-чырвона-белага сцяга?
“Мая думка, што ў краіне павінен быць адзін сцяг, а не два ці тры. У іншых людзей яна можа быць іншай, — лічыць Сяргей Кісляк. — Але калі людзі прыходзяць падтрымліваць зборную, мы толькі радыя, што яны прыходзяць”.
Паўабаронца пермскага “Амкара” Сяргей Балановіч з раніцы пасля гульні прачытаў пра затрыманні і суды над украінцамі у інтэрнэце.
“З хлопцамі не было магчымасці абмеркаваць гэтую тэму. Непрыемна, што людзі прыехалі паглядзець гульню, а цяпер ім трэба будзе знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі. Альбо яны парушылі нешта, альбо нашы праваахоўныя органы трошкі перабольшылі. Мне складана разабрацца ў гэтай сітуацыі, — кажа Сяргей Балановіч. — Чуў трыбуны. Але што канкрэтна гучала, не адкажу. Не звяртаеш увагі на гэтыя дэталі, калі ўсе 90 хвілін знаходзішся ў гульні. Але было прыемна гуляць пры такой атмасферы. Спадзяемся, што ў наступных гульнях заўзятараў будзе яшчэ больш”.
Фота bff.by