Шумчанка: Большасць ІП выйшлі на рынкі на свой страх і рызыку

Шумчанка: Большасць ІП выйшлі на рынкі на свой страх і рызыку

Большасць індывідуальных прадпрымальнікаў, якія гандлююць таварамі лёгкай прамысловасці і сёлета прыпынялі дзейнасць з-за патрабаванняў указа № 222, ужо выйшлі на працу. Пра гэта БелаПАН паведаміў старшыня Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Перспектыва" Анатоль Шумчанка.

Паводле яго слоў, ІП "працуюць на свой страх і рызыку". Аднак калі адновяцца праверкі і канфіскацыі тавару, то яны могуць зноў сысці.

На думку Шумчанкі, на жаданне аднавіць працу многімі ІП паўплываў той факт, што з кастрычніка 2015-га не было канфіскацый тавараў з-за парушэнняў у накладных. Паўплывала на іх рашэнне і нядаўняе рашэнне Вярхоўнага суда на карысць мінскай прадпрымальніцы Таццяны Паляковай.

Анатоль Шумчанка кажа, што "Перспектыва" не адмаўляецца ад намеру правесці чарговы форум прадпрымальнікаў у сталіцы, а таксама ў некаторых рэгіёнах краіны. Плануецца прыняць план дзеянняў, "якія былі б карысныя і прадпрымальнікам, і ўладзе, таму што знізілі б рост напружанасці сярод ІП". Форум павінен адбыцца ў красавіку ці ў траўні.

Кіраўнік "Перспектывы" адзначыў, што індывідуальныя прадпрымальнікі чакаюць далейшай працы групы па праблемных пытаннях ІП, якая дзейнічае пры Мінэканомікі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі