Славаку не адмянілі штраф з-за памылкі прадаўца BelToll

Грамадзянін Славакіі ездзіў на аўтамабілі па Беларусі са жніўня, калі пачала працаваць сістэма платных дарог BelToll. Але калі прыбор афармлялі, аператар Белаўтастрады зрабіў памылку. Супрацоўніца няправільна ўвяла літару. Замест RS, гэта значыць Рымаўска-Собата (Rimavska Sobota) — горад у Славакіі, дзе зарэгістраваны аўтамабіль, яна напісала RC. І 250 еўра, што ён заплаціў за карыстанне дарогай, залічылі на неіснуючы нумар.

"Я не магу зразумець, чаму транспартнікі за паўгода не знайшлі памылку. Думаю машыну забраць, а потым падаваць у суд. І на транспартнікаў і на BelToll", — кажа мінчанін Аляксандр, яго айчыму належыць арыштаваны аўтамабіль.

Цяпер, каб забраць аўтамабіль са штрафстаянкі, ён мусіць заплаціць штраф 2150 еўра і яшчэ каля 300 еўра за штрафстаянку. Толькі потым адсуджваць грошы.

Аператар платных дарог "Капш Тэлемацік Сервісіз" прызнаў парушэнне, бо, на іх думку, уладальнік аўто сам не даглядзеў, што ў дакументах памылка.

"Прыладу мы атрымоўвалі на АЗС на трасе М1 у напрамку Брэста, не даязджаючы паварота на Барысаў. Быў ажыятаж. Усе крычалі, панікавалі, бегалі. Афармлялі дзве супрацоўніцы. Адна, як я зразумеў, стажор, а другая яе вучыла. А хто з іх зрабіў памылку, не магу сказаць. Яны нам толькі далі прыладу, патлумачылі, як плаціць. Далі дамову, сказалі, што там трэба распісацца за бартавое”.

Еўрарадыё даведалася, чаму памылку пабачылі толькі праз паўгода. Бо без памылкі далі новы прыбор!

Інспектар глядзіць на паказанні праграмы, якая звязваецца з бартавым на аўтамабілі, на маніторы адлюстроўваецца нумар з памылкай, на якім няма парушэнняў, бо парушэнні запісваюцца на правільны нумар.

Перад Новым годам аўтамабіль пакінуў Беларусь і прыбор здалі, а калі вярнуліся, то ўзялі новы. Тут аператар увёў нумар без памылкі і на ім адразу павіслі ўсе парушэнні, якія заўважыў першы ж пост каля мяжы.

Падобная праблема не адзінкавая. У Оршы грузавік наездзіў 26 парушэнняў, бо замест літары О аператар увёў лічбу 0 (нуль), на вока не заўважыш, але для сістэмы розніца ёсць, і гэта парушэнне. Аўтамабіль ездзіў з бартавым, потым яго замянілі і ўсе парушэнні "ўсплылі".

Транспартная інспекцыя прызнае, што гэта памылка аператара Белаўтастрады, якая абслугоўвае дарогу. Але сістэму абслугоўвае "Капш Тэлемацік Сервісіз", які прызнаў парушэнне і фармальна мае рацыю. Інспектары ж толькі шукаюць парушальніка і бяруць штраф.

"Нам сказалі, што ён парушальнік, мы яго знайшлі. А чаму ён стаў парушальнікам? Мы можам разабрацца, але, на жаль, гэта будзе фармальным. Белаўтастрада магла б прызнаць, што памылка іх супрацоўніка, і хадайнічаць за адмену парушэнняў".

Цяпер уладальнік аўто можа падаць рэгрэсную позву ў суд на Белаўтастраду і адсуджваць грошы. Але і тут спачатку трэба даказаць, што машыны з "памылковым" нумарам не існуе, а гэта была менавіта памылка аператара.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі