СМІ: “Навічок” трапіў у Вялікабрытанію з Масквы ў багажы Юліі Скрыпаль

СМІ: “Навічок” трапіў у Вялікабрытанію з Масквы ў багажы Юліі Скрыпаль

Нервова-паралітычнае рэчыва “Навічок” трапіла ў Вялікабрытанію з Масквы ў багажы Юліі Скрыпаль, дачкі былога палкоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля. Як піша выданне Тhe Telegraph, брытанскія спецслужбы не выключаюць, што злачынцы прамачылі атрутай “прадмет адзення, касметыкі або падарунак”. Яны маглі гэта зрабіць напярэдадні адлёту Юліі Скрыпаль у Вялікабрытанію, калі тайна патрапілі ў яе кватэру. Следства вывучае гэтую версію.

Паліцыя мае дадзеныя, што з атрутным рэчывам у Солсберы мог уступіць у кантакт 131 чалавек. 46 з іх звярнуліся па меддапамогу.

Скандал з атручваннем выбухнуў 4 сакавіка. Сяргей і Юлія Скрыпаль былі знойдзеныя без прытомнасці на лаўцы каля гандлёвага цэнтру ў брытанскім горадзе Солсберы. Скрыпаль раней быў асуджаны ў Расіі за шпіянаж на карысць брытанскіх спецслужбаў, у Вялікабрытанію ён выехаў у выніку абмену паміж ЗША і Расіяй затрыманымі агентамі. Пасля атручвання бацька і дачка знаходзяцца ў цяжкім стане.

Яшчэ да завяршэння расследавання прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй абвінаваціла ў датычнасці да замаху Расію. Вядома, што “Навічок” быў выраблены ў апошнія гады існавання СССР. Мэй запатрабавала тлумачэнняў ад Расіі. У Маскве гэты ўльтыматум адрынулі. Тады было аб’яўлена пра высылку з Вялікабрытаніі 23 расійскіх дыпламатаў. Эксперты мяркуюць, што гэта толькі пачатак. Між тым у бліжэйшую нядзелю ў Расіі пройдуць прэзідэнцкія выбары, фаварытам на якіх з’яўляецца дзейны прэзідэнт Уладзімір Пуцін.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі