СМІ: Расія завяршыла вайсковыя вучэнні на мяжы з Украінай
Авіяцыя, якая прымала ўдзел у вучэннях, перадыслацыравалася на аэрадромы сталага базіравання.
На палігоне Ашулук у Астраханскай вобласці Расіі завяршыліся планавыя вучэнні расійскіх ВПС і войскаў СПА, якія праводзіліся пад кіраўніцтвам галоўнакамандуючага Ваенна-паветранымі сіламі. Пра гэта паведамляюць у Міністэрстве абароны Расіі, піша ВВС Украіна.
“На дадзены момант авіяцыя, якая прымала ўдзел у вучэннях, перадыслацыравалася з аператыўных аэрадромаў на аэрадромы сталага базіравання, разлікі зенітных ракетных і радыётэхнічных падраздзяленняў прыступілі да пагрузкі тэхнікі для адбыцця ў пункты сталай дыслакацыі”, — адзначылі ў Мінабароны.
Вучэнні, якія доўжыліся з 4 па 8 жніўня, выклікалі рэзкую крытыку Кіева і міжнароднай супольнасці. Захад расцаніў такія дзеянні Расіі як чарговую акцыю запалохвання і дэманстрацыі сілы.