Міжнародную абарону ў Польшчы атрымалі больш за 8100 беларусаў
МЗС Польшчы
Польскі ўрад захоўвае падыход максімальнага садзейнічання беларускай грамадзянскай супольнасці. Пра гэта было заяўлена падчас сустрэчы намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета (АПК) Паўла Латушкі з дырэктаркай консульскага дэпартамента МЗС Польшчы, перадае прэс-служба АПК.
Прадстаўніца МЗС паведаміла, што ў чэрвені ў Польшчы пачнуць працу над новым візавым законам, а ў жніўні ён будзе апублікаваны на партале заканадаўчых актаў. Пасля гэтага будзе магчымасць уносіць у яго прапановы ў рамках грамадскай дыскусіі.
Беларусам, якім пагражае затрыманне, арышт ці ўзяцце пад варту, працягнуць выдаваць гуманітарныя візы, каб яны маглі тэрмінова пакінуць краіну. Выдавацца такія візы па-ранейшаму будуць толькі адзін раз.
На сёння ў Польшчы, па словах прадстаўніцы МЗС, міжнародную абарону атрымалі больш за 8100 грамадзян Беларусі.
"Дырэктар консульскага дэпартамента запэўніла, што калі ў грамадзян Беларусі нешта здарыцца з дакументамі аб статусе міжнароднай абароны ў якой-небудзь трэцяй краіне, то яны маюць права звярнуцца да польскага консула для вяртання ў Польшчу і аднаўлення дакументаў. Што да іншай консульскай дапамогі, то тут ёсць пэўныя цяжкасці, але МЗС гатовы разглядаць індывідуальныя выпадкі", — каментуе Латушка.
Што датычыць праграмы Poland Business Harbour, то праблемы, якія ўзніклі ў выніку яе закрыцця, будуць абмяркоўвацца пасля завяршэння праверкі Вышэйшай кантрольнай палатай у МЗС Польшчы з удзелам двух міністэрстваў — рэгіянальнай палітыкі і сям'і. "Пытанне ўзята пад увагу, і мы будзем прасоўваць яго далей", — кажа Латушка.
У МЗС Польшчы таксама пракаментавалі чэргі на атрыманне візы ў візавых цэнтрах. Праблемы патлумачылі тым, што рэжым Лукашэнкі выслаў вялікую колькасць польскіх консулаў. На гэта накладаецца і сезон адпачынкаў, калі многія людзі імкнуцца атрымаць візы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.