СМІ: Сілавікі затрымалі "бацюшку са свастыкай" Канстанціна Бурыкіна
Некалькі дзён таму быў затрыманы праваслаўны святар з пасёлка Гатава пад Мінскам Канстанцін Бурыкін. Гэты святар вядомы тым, што з 90-х гадоў, калі ён уваходзіў у неанацысцкую арганаізацыю "Рускае нацыянальнае адзінства", мае нацысцкія тату, у тым ліку свастыку.
Паводле інфармацыі nn.by, затрыманне адбылося ў пятніцу, 18 лістапада. Бурыкін вярнуўся з ЗША, дзе знаходзіўся па лініі Федэрацыі паўэрліфтынгу (ён першы намеснік старшыні федэрацыі). Затрыманнем займалася, верагодна, Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) Міністэрства ўнутраных спраў.
Факт затрымання святара журналістам пацвердзіў протаіерэй Сяргей Лепін, старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзела БПЦ. Аднак ад іншых каментароў ён адмовіўся: у царкве пакуль самі не ведаюць падрабязнасцяў і прычынаў.
Як адзначае nn.by са спасылкай на ананімныя крыніцы, Бурыкіну выставілі сур'ёзныя абвінавачанні, у тым ліку захоўванне зброі.