Спартсменаў з РБ і РФ не дапусцяць на цырымонію адкрыцця Паралімпіяды ў Парыжы
У Парыжы атлетаў з Беларусі і Расіі чакае праверка
Спартсменаў з Беларусі і Расіі не дапусцяць на цырымонію адкрыцця Паралімпіяды ў Парыжы 28 жніўня (як і на цырымонію закрыцця 8 верасня). Пра гэта ў сераду паведаміў Міжнародны паралімпійскі камітэт.
Беларускія і расійскія спартсмены дапушчаныя да Паралімпіяды выключна ў нейтральным статусе і ў адзіночных відах спорту. Цяпер апублікаваныя правілы іх удзелу ў спаборніцтвах. Узнагароды, заваяваныя атлетамі з РБ і РФ, не будуць улічвацца ў агульным медальным заліку Паралімпіяды. Калі нейтральны спартсмен выйграе залаты медаль, будзе выкананы паралімпійскі гімн.
Дэманстрацыя дзяржаўнай сімволікі Беларусі і Расіі забараняецца, як і прысутнасць на ўніформе нацыянальных колераў, герба ці назвы краіны. Спартсмены будуць выступаць пад белым сцягам з чорнымі літарамі, якія "азначаюць прыналежнасць да нейтральных спартсменаў".
Падчас Паралімпіяды будзе створаны "незалежны знешні орган", які зоймецца ацэнкай атлетаў і дапаможнага персаналу. Тыя з іх, хто падтрымлівае агрэсію Расію супраць Украіны, ці мае дачыненне да сілавых структур, допуску не атрымаюць.
У Расіі названыя ўмовы ўжо назвалі "дыскрымінацыйнымі".
Пра тое, што беларусаў і расіян з пэўнымі абмежаваннямі дапусцілі да Парлалімпіяды, стала вядома ў верасні 2023-га. Санкцыі на Беларусь і Расію наклалі ў 2022 годзе пасля маштабнага ўварвання РФ ва Украіну.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.