Статкевіча прапанавалі вылучыць адзіным кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах

Вылучыць Міколу Статкевіча адзіным кандыдатам ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года прапанавала кампанія “Гавары праўду”. Маўляў, і выбараў у нас няма, і невядома, ці здолеюць дэмакраты ўвогуле вызначыцца з кандыдатурай адзінага. А так хоць кампанію ў падтрымку годнага чалавека правядуць, тлумачыць Еўрарадыё сэнс прапановы намеснік лідара “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў.



Андрэй Дзмітрыеў: “Прапанова такая: калі вы рэальна баіцеся, што нехта іншы, а не вы, стане адзіным, калі ўсе кажуць, што на выбарах 2015 года перамагчы немагчыма, то давайце ўвогуле сыдзем з гэтай пляцоўкі. Давайце тады зробім маральную справу: раскажам грамадству пра наяўнасць у краіне палітзняволеных, што гэтым палітзняволеным сёння можа стаць кожны, што гэтая праблема ўплывае і на нашую эканоміку. І збіраючы подпісы са самога Статкевіча, мы зробім сапраўдную маральную кампанію”.



Па словах Дзмітрыева, гэтая ідэя была прапанаваная ўсім палітычным партыям, і яны ўзялі час да 22 жніўня, каб над ёй падумаць.



Еўрарадыё вырашае не чакаць так доўга. Як высвятляецца, недарэмна. Так, у партыі левых “Справядлівы свет” ідэю “някляеўцаў” абмяркоўвалі 13 жніўня на адмыслова сабраным з гэтай нагоды Бюро ЦК, кажа намеснік старшыні партыі Валерый Ухналёў.



Валерый Ухналёў: “Мы супраць такога рашэння, бо, зразумела, не зарэгіструюць ні ініцыятыўную групу, немагчыма будзе правесці ніякай кампаніі. А гэта практычна байкот прэзідэнцкай кампаніі, мы не зможам праводзіць працу з насельніцтвам. Наша партыя лічыць, што байкатаваць любыя выбары — гэта няправільна. Мы павінныя выбіраць фармат удзелу ў выбарах і шукаць магчымасці працы з насельніцтвам падчас кампаніі”.



Такой жа пазіцыі прытрымліваецца і лідар Руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч. Праўда, аргументы для адмовы Статкевічу знаходзіць іншыя. Маўляў, абранне яго адзіным зашкодзіць і самому палітвязню, і ўсёй апазіцыі, і нават… Еўропе!



Аляксандр Мілінкевіч: “Выглядае прыстойна, а вынікам будзе адмоўная перспектыва для апазіцыі, для дэмакратаў, для Еўропы і для самога Міколы. Бо калі Міколу абраць адзіным кандыдатам, то гэта нават тэарэтычныя шансы на яго датэрміновае вызваленне знішчыць. Акрамя таго, гэта будзе амаль фактычны зыход апазіцыі з удзелу ў прэзідэнцкай кампаніі. Таму думаю, што гэта не на карысць ні Міколу, ні апазіцыі — апазіцыя ў такім выпадку маргіналізуецца”.



Амаль слова ў слова паўтарае аргументы на карысць адмовы Мікалаю Статкевічу ў вылучэнні на адзінага і намеснік лідара Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Няўжо пагроза страціць перспектыву ўдзелу ў выбарах, якіх па іх жа словах няма, важнейшая за магчымасць правесці кампанію салідарнасці з палітвязнем, цікавіцца Еўрарадыё.



Рыгор Кастусёў: “Калі гэта кампанія ў падтрымку Міколы Статкевіча і салідарнасці з ім, то адназначна Партыя БНФ гатова ў ёй удзельнічаць, я гатовы ў ёй удзельнічаць. Але калі абмежавацца толькі спробай яго вылучэння, то гэта кампанія будзе абмежаваная (этапам збору падпісаў для падачы на рэгістрацыю ў ЦВК кандыдатам у прэзідэнты — Еўрарадыё). Мы павінныя гэта ўлічваць”.



Пазіцыя Аб’яднанай грамадзянскай партыі, агучаная для Еўрарадыё намеснікам лідара АГП Львом Марголіным, больш прагматычная: яны не кажуць ні “так” Міколу Стакевічу, ні “не”. А задаюць пытанні ініцыятарам яго вылучэння.



Леў Марголін: “Той, хто вылучыў гэту кандыдатуру, павінен не проста так сказаць: “Мы прапануем вылучыць Статкевіча!”, а прапанаваць нейкі сцэнар. Калі будзе такі сцэнар, які пакажа, якім чынам можна падняць народ і прымусіць уладу рэабілітаваць Статкевіча і зарэгістраваць яго, тады можна з гэтым пагадзіцца”.



Але, прызнаецца суразмоўца Еўрарадыё, нават калі б такі сцэнар існаваў, то ён “не вельмі рэальны для выканання”. А значыць, і гэтая палітычная структура не падтрымае кандыдатуру Міколы Статкевіча ў якасці адзінага кандыдата ад апазіцыі.

Фота: Змітра Лукашука, nn.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі