Стаўкі па крэдытах знізіліся на 5-10%, а па дэпазітах — амаль напалову

З пачатку года стаўка рэфінансавання зніжалася ўжо тройчы — з 30% да 25%. Наступнае зніжэнне стаўкі рэфінансавання — 10 чэрвеня. Як і раней, зніжаюць на паўтара працэнта.
 
Нацбанк тлумачыць зніжэнне стабільнай сітуацыяй на унутраным рынку. Маўляў, інфляцыя запаволілася, інфляцыйныя чаканні зменшыліся. 
 
“Далейшае зніжэнне будзе залежаць ад дынамікі росту коштаў і інфляцыйных чаканняў”, — кажуць у Нацбанку.
 
Разам са зніжэннем стаўкі рэфінансавання зніжаюцца і стаўкі па крэдытах і дэпазітах.
 
“У нас яшчэ не было рашэння па крэдытах, але нашы крэдыты не залежаць ад стаўкі рэфінансавання. Цяпер зніжаюцца стаўкі, і па дэпазітах таксама ў бок зніжэння мяняюцца. Уклад “5 зорак” цяпер пад 24%, гэта максімальная стаўка. А да гэтага была 35-39%”, — з сумам адзначаюць у “Прыёрбанку”. 
 
У “Прыёрбанку” кажуць, што нягледзячы на адносна невялікія працэнты па дэпазітах, людзі далей кладуць грошы, бо большай працэнтнай стаўкі ў банку няма. А вось па спажывецкіх крэдытах стаўка так хутка не зніжалася. 
 
“Максімальная стаўка цяпер — 50% па крэдыце на картку, а раней, 17 красавіка, да прыкладу, стаўка была 55-65%”, — тлумачаць у “Прыёрбанку”.
 
Абсалютбанк свае спажывецкія крэдыты да стаўкі рэфінансавання ўвогуле не прывязвае.
 
“Нават калі стаўка рэфінансавання знізіцца, мы ўсё адноа зніжаць стаўку па крэдытах не будзем. Цяпер у нас гэта 55-65%. Пакуль”, — інфармуюць у банку.
 
“Ідэябанк” і “Белаграпрамбанк” стаўкі па дэпазітах раней заключаных дамоў мяняць не збіраюцца: калі дамову заключылі пад 40%, то так і застанецца. Але пры новай дамове, калі тэрмін укладу закончыцца, стаўка будзе амаль ўдвая меншай, чым была. Уладальнікам укладаў у беларускіх рублях ёсць што губляць.
 
“Стаўка па ўкладзе “Старт” у беларускіх рублях змянялася у лютым — яна была 40% гадавых, а, да прыкладу, 20 траўня — 27% гадавых”, — меней чым за тры месяцы стаўка змяншалася сем разоў!
 
Дарэчы, даходнасць укладаў таксама змянілася амаль на 200 тысяч! Калі цяпер пакласці пад 27% 5 мільёнаў на дэпазіт, можна атрымаць 359 тысяч рублёў, раней уладальнік дэпазіту атрымаў бы 539 тысяч рублёў.
 
Як заўважае Еўрарадыё аналітык афіцыйнага партнёра “Альпары” ў Мінску Вадзім Іосуб, зніжэнне стаўкі рэфінансавання адназначна паўплывае на ўклады насельніцтва ў беларускіх рублях. Крэдыты могуць і не патаннець, а вось адток рублёвых укладаў і перавод іх у валютныя абсалютна магчымы.
 
У цэлым жа, карціна са змяншэннем стаўкі рэфінансавання выглядае аднолькава — стаўкі па крэдытах амаль не змяніліся ці змяніліся нязначна, а вось стаўкі па дэпазітах адчувальна папаўзлі ўніз.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі