Суд адмяніў штраф журналістцы з Гродна "за распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі"
Гродзенскі абласны суд адмяніў штраф, вынесены журналістцы сайта hrodna.life Ірыне Новік, і накіраваў справу на новы разгляд.
Раней Ленінскі суд Гродна асудзіў журналістку за распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі. "Пастанову суддзі нельга прызнаць законнай, яна падлягае адмене, а справа — накіраванню на новы разгляд", — працытавала Новік ліст за подпісам суддзі Гродзенскага абласнога суда Віктара Сянько.
Ірыну Новік затрымалі 1 чэрвеня. 3 чэрвеня яе асудзілі на 25 базавых велічыняў (725 рублёў) па адміністратыўнай справе. Да суда е трымалі ў ІЧУ, дзе забаранялі сядзець удзень, там яна нічога не ела.
Па гэтай жа справе рэдакцыі пазней прысудзілі максімальна магчымы штраф — 14 500 рублёў.
Новік абскардзіла рашэнне суда, заявіўшы, што суддзя парушыў яе права на абарону: на працэс не запрасілі адвакатку. Суддзя абласнога суда пагадзіўся, што гэта істотнае парушэнне нормаў Працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Наконт новага суда Новік ілюзій не мае: "Я амаль упэўнена, што ён/яна вынесе той самы прысуд і дасць той самы штраф. Але трымаючыся ўсіх патрэбных фармальнасцяў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.