Суд перанёс разгляд справы Андрэя Бандарэнкі
31-а студзеня ў Мінскім гарадскім судзе павінен быў працягнуцца працэс па справе бізнэсоўца, сябра АГП Андрэя Бандарэнкі.
Аднак сведка па справе сёння у суд не з'явіўся. Разгляд справы перанесены на аўторак.
Нагадаем, Бандарэнка, адбыўшы год зняволення паводле прысуду ў справе, дзе яму былі выстаўленыя абвінавачанні спярша ў крадзяжы, а затым у махлярстве, дамогся перагляду справы.
У 2008 годзе Андрэй Бандарэнка балатаваўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, але не быў абраны, спрабаваў аспрэчыць вынікі галасавання і апынуўся за кратамі на 6 гадоў.
Бацька прадпрымальніка Валер Бандарэнка кажа пра трэці па ліку працэс над сынам.
"Пачалі апытваць сведак. Адзін з іх змяніў свае паказанні, якія даваў падчас папярэдняга разгляду справы. Суддзя цікавіўся, чаму ён мяняе паказанні. Той адказаў, што быццам гаворыць тое самае", - распавёў Радыё Свабодзе Бандарэнка.
Працэс над Андрэем Бандарэнкам гэтым разам вядзе суддзя Таццяна Ермаловіч.