Суд у Расіі паверыў Генпракуратуры Беларусі, што Яну Пінчук не будуць катаваць
Гарадскі суд Санкт-Пецярбурга дазволіў выдаць у Беларусь 24-гадовую Яну Пінчук, піша "Бі-Бі-Сі". На радзіме беларусцы пагражае да 19 гадоў пазбаўлення волі за адміністраванне "экстрэмісцкіх" тэлеграм-каналаў. Раней улады РФ адмовілі ёй у прадастаўленні часовага прытулку, пра які яна прасіла.
Рашэнне аб экстрадыцыі прыняла расійская пракуратура. У гарсудзе ў сераду зачыталі ліст Генпракуратуры Беларусі з гарантыямі, што Пінчук не будуць катаваць на радзіме. Калі суддзя Ірына Фурманава спытала ў беларускі, ці дастаткова ёй такіх гарантый, некалькі прысутных засмяяліся. Аднаго з іх выдалілі з залы.
Яна Пінчук была затрыманая ў Санкт-Пецярбургу ў лістападзе 2021 года, і з таго часу яна знаходзіцца за кратамі. Дзяўчына свабодна ездзіла паміж Масквой і Пецярбургам і не падазравала, што беларускія сілавікі абвясцілі яе ў вышук. У Расіі яна працавала афіцыянткай.
Пінчук прызнаная палітзняволенай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.