Сухарава супраць ушчыльнення: “Хай лепш зробяць дзіцячую пляцоўку ці паркоўку!”
У мінскім спальным раёне Сухарава пачынаецца чарговая вайна супраць ушчыльнення. На скрыжаванні вуліц Маршала Лосіка і Семянякі збіраюцца будаваць адміністрацыйны цэнтр, дзе размесцяцца ЖЭС, апорны пункт міліцыі, аптэчны кіёск, кабінеты для дзіцячых гурткоў, танцавальная і трэнажорная зала. Мясцовыя жыхары супраць.
“Мы ўсе выдатна разумеем, што мець па суседстве той жа ЖЭС ды міліцыю не так і дрэнна, — кажа мясцовая актывістка Юлія Сядзельнікава. — Але для нашага густанаселенага раёна гэта было б дапушчальна, калі б з добраўпарадкаваннем усё было добра, калі б інфраструктура была развітая і добра працавала. А так атрымліваецца, што на добраўпарадкаванне грошай у бюджэце няма, а на адміністрацыйны будынак яны знайшліся. Хай бы лепш пабудавалі новую паркоўку ці павялічылі дзіцячую пляцоўку!”
Змены ў праект дэтальнага планавання раёна былі прапанаваныя на пачатку 2019 года — у студзені і ў лютым праходзілі грамадскія слуханні. Тады мясцовыя жыхары напісалі скаргу наконт рэстарана, які таксама хацелі пабудаваць у мікрараёне. І яго вырашылі будаваць у іншым месцы. А вось на адміністрацыйны будынак, што мусіў з’явіцца паміж шматпавярховікамі, увагі тады не звярнулі.
Апомніліся сухараўцы толькі тады, калі на невялічкім кавалачку зямлі з’явілася будаўнічая агароджа. Паўнавартаснае будаўніцтва адміністрацыйнага цэнтра пакуль не пачалося — за агароджай толькі знялі плітку на тратуарах і пачалі пракладаць камунікацыі.
Скаардынаваўшыся, людзі стварылі петыцыю з заклікам спыніць будаўніцтва. Яны кажуць, што будынак не зробіць жыццё ў мікрараёне больш камфортным і бяспечным: у квартале з’явіцца больш аўтамабіляў, яны будуць займаць парковачныя месцы жыхароў навакольных дамоў.
Адсюль і жаданне, каб замест адміністрацыйнага цэнтра ў раёне або пабудавалі паркоўку, або пашырылі дзіцячую пляцоўку. Юлія Сядзельнікава кажа, што ў кожным з навакольных дамоў жыве не менш як па 30 дзяцей, а вялікая пляцоўка з добрымі арэлямі ёсць толькі каля дома №42 па вуліцы Семянякі. На выхадных дзіцячая пляцоўка ператвараецца ў мурашнік, дзецям даводзіцца стаяць у чарзе, каб пагушкацца.
Але ў Мінгарвыканкаме адказваюць, што дзіцячых пляцовак у раёне дастаткова. Чыноўнікі супакойваюць актывістаў тым, што адрэгулююць дарожны рух вакол новага будынка новымі знакамі і ў найбліжэйшай будучыні пабудуюць навокал — на праектаваных вуліцах — некалькі шматузроўневых парковак. “Падстаў для карэкціроўкі праектных рашэнняў дэтальнага плана і выключэння размяшчэння шматфункцыянальнага будынка па эксплуатацыі №27 няма”, — сказана ў адказе за подпісам намесніка старшыні камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Вольгі Радчанка.
Мясцовыя жыхары плануюць паскардзіцца на Мінгарвыканкам і адміністрацыю Фрунзенскага раёна Мінска ў Адміністрацыю прэзідэнта. А калі гэта не дапаможа, пойдуць у суд.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.