Мінск будуе паркінгі, а там няма машын. Чаму і якое выйсце прапануюць улады?

Паркінг "Мінск-Мір" на Германоўскай стабільна пусты.

Паркінг "Мінск-Мір" на Германоўскай стабільна пусты. / myfin.by

У Мінску на 1000 жыхароў прыпадае крыху больш за 300 аўтамабіляў. Гэта няшмат на фоне іншых еўрапейскіх сталіц. Напрыклад, у Варшаве 768 аўто на 1000 чалавек, і гэтая лічба мае тэндэнцыю павялічвацца. Сталіца Польшчы славіцца сваімі заторамі, але пры гэтым не забітая аўтамабілямі па-за паркавальнымі пляцоўкамі. У Мінску ж параўнальна свабодна на дарогах, але многія двары, вуліцы і праезды застаўленыя машынамі.

Некалі Мінгарвыканкам узяўся вырашаць гэтую праблему. Вы прасілі паркінгі —  вось вам паркінгі. Крытыя, пад аховай. Але цяпер паўстаў іншы выклік! Людзі не хочуць на іх паркавацца!

Дырэктар дзяржаўнага аб’яднання “Гаражы, аўтастаянкі, паркоўкі” Андрэй Зыранаў у інтэрв’ю дзяржСМІ расказваў, як горад заваблівае кліентаў на незапатрабаваныя паркінгі: там размяшчаюць велапаркоўкі, зарадкі для электрамабіляў. На паркінгу, які з’явіўся на тэрыторыі былога аўтапарка на Трасцянецкай, хочуць адкрыць нават штосьці накшталт аўтасэрвіса.

— Там ёсць яма, спецыяльныя памяшканні. Мы хочам там арганізаваць не проста захоўванне, але захоўванне з паслугай механіка — агляд транспартнага сродку — і аўтаслесара. Гэта будзе цікава юрыдычным асобам, але і шчыра запрашаю ўсіх уладальнікаў, — кажа Андрэй Зыранаў.

Але ён пагаджаецца, што попыту няма. Даволі часта сустракаецца такая сітуацыя: стаіць пусты паркінг, а навокал — запаркаваныя машыны.

Каштуюць мінскія паркоўкі ў сярэднім 35-50 рублёў за месяц, або 5 рублёў за суткі, 1-2 рублі — за гадзіну. У Варшаве 12 гадзін паркінгу каштуюць як абанемент на месяц у Мінску.

Дык што не так з мінскімі паркоўкамі? Вось як пра гэта разважаюць кіроўцы з Мінска:

— Шкада грошай за арэнду месца для паркоўкі. Лепш ездзіць коламі і шукаць, дзе паставіць машыну бясплатна, чым заплаціць за месца пад дахам.

— Паркінгі будуюць там, дзе яны непатрэбныя. А там, дзе патрэбныя, не будуюць.

— Такая ўжо звычка: дзе жывеш, там і машына мусіць стаяць. Калі ў доме не прадугледжаны падземны паркінг, абсалютна лагічна, што ўсе будуць ціснуцца пад пад’ездам і сварыцца, калі нехта так запаркаваўся, што не праехаць, але не будуць пакідаць аўто за 15-20 ці больш хвілін пешшу, яшчэ і за грошы, няхай невялікія, але ўсё ж. Гэта культурны, выхаваўчы момант, напэўна.

Мінск будуе паркінгі, а там няма машын. Чаму і якое выйсце прапануюць улады?
Жылы комплекс "Мінск-Мір", побач з якім ёсць васьміэтажны паркінг – але жыхары выбіраюць паркавацца ў два рады / Максім Маліноўскі, auto.onliner.by

Што на гэта адказвае горад? Вясной старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў праводзіў жывую тэлефонную лінію. І ажно два чалавекі спыталі, ці будзе будавацца паркінг у раёне жылой забудовы на скрыжавані Ангарскай і Магнітнай. Адказ быў: не, тут будзе звычайная стаянка.

А вось што Кухараў сказаў на адной з апошніх прэс-канферэнцый у Мінску, калі зноў паўстала пытанне пра месцы для паркоўкі:

— У нас на сённяшні дзень ёсць іншая праблема. У пэўных месцах нават залішняя колькасць паркінгаў, якія не запоўненыя. Паркінг, калі пабудаваны, ён мусіць утрымлівацца. За кошт чаго? Таго, што нехта ставіць там аўтамабіль і пэўную плату ўносіць. Бо мы ж не можам з бюджэту ўтрымліваць паркінгі. Гэтая праблема ўтрымання кладзецца на гарадскі бюджэт. Гэта нятаннае задавальненне — пабудаваць паркінг. І калі закладваюцца пэўныя сумы і будуецца гэты паркінг, потым яшчэ і несці выдаткі на яго ўтрыманне, у той час калі вакол паркінга стаіць шмат машын, а ўнутр яны не заязджаюць, гэта не найлепшы варыянт.

Падобна, замест таго, каб вывучыць сітуацыю, запыт ад аўтаўладальнікаў і гэтак далей, чыноўнікі ідуць звыклым шляхам: пакараць і забараніць — хаця б бясплатную паркоўку на некаторых вуліцах ці зонах.

— Ёсць пэўныя напрацоўкі па нарматыўных дакументах, каб узмацніць жорсткасць падыходаў. І, вядома, цэнтр горада. Калі мы хочам паставіць машыну, паркоўка мусіць быць платнай. Гэта не такія вялікія сумы. Гэта адзіны выхад. Мы вывучылі досвед многіх гарадоў, мегаполісаў, вялікіх гарадоў, сталіц. Стаянкі ў цэнтральных раёнах — на платных паркоўках. Гэта міравы досвед, — падсумоўвае Кухараў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі