Суравікіна і яшчэ 13 афіцэраў затрымалі ў сувязі з мяцяжом Прыгожына — СМІ

Генерал Сяргей Суравікін / mil.ru
Генерал Сяргей Суравікін / mil.ru

Генерал Сяргей Суравікін і яшчэ 13 старэйшых афіцэраў былі затрыманыя для допыту праз некалькі гадзін пасля пачатку мяцяжу вагнераўцаў. Пра гэта піша  Wall Street Journal са спасылкай на ўласныя крыніцы.

Крыніцы выдання сцвярджаюць, што Суравікін цяпер знаходзіцца пад вартай у Маскве і яго дапытваюць. Таксама паведамляецца, быццам абвінавачванні ў злачынстве яму не выставілі. Па словах адной з крыніц, Суравікін ведаў пра планы Прыгожына, але ў мяцяжы не ўдзельнічаў, удакладняе Бі-Бі-Сі.

Wall Street Journal піша, што некаторых з затрыманых афіцэраў ужо адпусцілі з-пад арышту, кагосьці звольнілі або адхілілі ад выканання абавязкаў.

Журналісты WSJ заяўляюць, што пасля мяцяжу вагнераўцаў Крэмль актыўна выяўляе нелаяльных афіцэраў і "вычышчае" з войска тых, каму, як мяркуецца, больш нельга давяраць.

Генерал Суравікін не з'яўляўся на публіцы з 23 чэрвеня, што спарадзіла чуткі пра ягоны арышт. Афіцыйныя расійскія органы не пацвярджаюць гэтую інфармацыю.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі