"Святы Іуда" паўплывае толькі на паўночную Беларусь
Цыклон, які ў апошнія дні пануе ў Паўночнай Еўропе, цяпер абрынуўся на Фінляндыю і паўночна-заходнюю Расію.
У Рэспубліканскім гідраметэацэнтры кажуць, што "Святы Іуда" не прынясе ніякіх праблемаў для нашай краіны.
Вось што распавяла Еўрарадыё галоўны сіноптык Людміла Парашчук:
"Той вецярок, які ў сталіцы ўзмацніўся, гэта якраз уплыў гэтага цыклона. Ён слабее. Цяпер яго цэнтр знаходзіцца над поўднем Фінляндыі. Цыклон на нашу тэрыторыю будзе ўплываць толькі перападам ціску. На поўначы — больш моцныя парывы ветру, на поўдні — зусім ніяк — слабы вецер. А вось у Мінску парывы да 12 метраў за секунду".
Паводле апошніх звестак, у выніку шторму "Святы Іуда" загінулі 15 чалавек. Восем з іх — у Нямеччыне. У Гельзенкірхіне на машыну звалілася дрэва, загінула 11-гадовая дзяўчынка і яе сваяк, яшчэ двое дзяцей атрымалі раненні. Пяць чалавек загінулі ў Вялікабрытаніі, па 1 — у Нідэрландах і Даніі. Большасць з іх сталі ахвярамі дрэваў, якія ламаў вецер.
Шторм быў названы метэаролагамі ў гонар святога Іуды, якога шануюць у Вялікабрытаніі як заступніка няшчасных. Яго дзень адзначаецца 28 кастрычніка.
Фота — AFP