"Святы Іуда" пранёсся над Прыбалтыкай і трошкі зачапіў Беларусь (відэа)
Еўрарадыё тэрмінова выехала на балтыйскае ўзбярэжжа і заспела атлантычны цыклон у Літве.
У горадзе Паланга моцны вецер уздымае ў паветра тоны пяску. Хвалюецца мора. Гэта атлантычны цыклон "Святы Іуда" імчыцца ў бок Санкт-Пецербурга.
На пірсе цяжка стаяць, вецер хуткасцю 100 кіламетраў за гадзіну ўздымае пыл з пляжнага пяску, які забіваецца ў вочы і вушы. Але некаторых людзей гэта не спыняе і яны ўсё ж ідуць паглядзець на шторм.
На раніцу Іуда прыйдзе ў Расію, а ў Літве без святла застануцца больш за 100 тысяч чалавек. З некаторых дамоў сарваныя дахі. Паваленыя дрэвы.
У Латвіі шторм без электрычнасці пакінуў тры гарады — Вентспілс, Кулдзігу і Талсі. У Эстоніі без электрычнасці засталіся каля 50 тысяч дамоў.
Па іншы бок Балтыйскага мора, у Швецыі, хуткасць ветру была яшчэ вышэйшай: каля 150 кіламетраў за гадзіну. Мост паміж Швецыяй і Даніяй зачынілі, спынілі рух цягнікоў і паромаў. Не працавалі аэрапорты Мальмё і Гётэборга. А жыхарам прыбярэжных раёнаў увогуле забаранілі падыходзіць да мора пад пагрозай штрафу.
У Беларусі таксама пачулі адгалоскі шторму. Сённяшні вецер у Мінску таму пацверджанне. А на поўначы краіны вецер быў мацнейшы з парывамі да 64 км/г.
Вечарам 29 кастрычніка шторм прайшоў праз Ленінградскую вобласць і рушыў на ўсход Расіі.
Моцны атлантычны цыклон, які журналісты абазвалі “Святы Іуда”, абрынуўся на Еўропу. Ахвярамі шторму сталі больш за 10 чалавек. Большасць загінула пад паваленымі дрэвамі. Адну жанчыну знесла ў мора.
У Брытаніі адключылі два рэактары АЭС, а ў Лонданскім аэрапорце Хітроў адмянілі каля 130 рэйсаў. Над Паўночным морам хуткасць ветру была рэкорднай — да 190 кіламетраў за гадзіну.
Серфінгіст злавіў самую гіганцкую хвалю, якая абрынулася на Еўропу (відэа)