Сямашка: Літоўскі Сейм палітызуе пытанне Беларускай АЭС
Віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка пракаментаваў закон, якім Сейм Літвы прызнаў АЭС у Астраўцы пагрозай нацыянальнай бяспецы. У кулуарах Сесіі Рады бакоў Канвенцыі Эспа чыноўнік адзначыў, што літоўскія дэпутаты палітызуюць пытанне замест таго, каб абмяркоўваць яго па сутнасці.
"Гэты працэс надта палітызаваны. Не ў соль, не ў сутнасць пытання, вось што я магу сказаць. Бо хто, як не беларусы, найбольш пацярпелыя ад Чарнобыльскай трагедыі, разумеюць, што такое будаваць АЭС і ўлічыць усе патрабаванні, выпрацаваныя сумным досведам чалавецтва".
7-я Сесіі Рады бакоў Канвенцыі Эспа праходзіць у Мінску з 13 па 16 чэрвеня. Пытанне Астравецкай АЭС з'яўляецца адным з самых дыскусійных. Яго нават знялі з агульнага абмеркавання; краіны-ўдзельніцы экалагічнага форума ўзгадняюць пазіцыю па ім за зачыненымі дзвярыма.