Сяргей Міхалок просіць дазволу на сталае жыхарства ва Украіне

Экс-лідар гурта “Ляпіс Трубяцкой” і лідар гурта Brutto Сяргей Міхалок і яго прадзюсар Антон Азізбекян звярнуліся да міністра культуры Украіны з просьбай дапамагчы ў атрыманні права на сталае жыхарства ва Украіне.

Музыка патлумачыў, што падтрымка гуртом “Ляпіс Трубяцкой” рэвалюцыйных падзеяў ва Украіне негатыўна і варожа ўспрымаецца ўладай у Беларусі і Расіі, якія чыняць перашкоды для паўнавартаснага творчага працэсу. Таму ён і яго прадзюсар, не адмаўляючыся ад беларускага грамадзянства, вырашылі атрымаць права на сталае жыхарства ва Украіне.

Паводле Міхалка, у 2015 годзе яго гурт плануе два ўсеўкраінскія канцэртныя туры, а таксама запіс новага альбому і кліпаў ва Украіне.

Міністр культуры ў сваю чаргу звярнуўся з лістом да міністра ўнутраных спраў краіны Арсена Авакава з просьбай як мага хутчэй даць дазвол на сталае жыхарства Міхалку і Азізбекяну, інфармуе УНІАН.

Сяргей Міхалок неаднаразова публічна выказваў сваё крытычнае стаўленне да беларускіх уладаў. У 2011 годзе ён са сваім гуртом трапіў у гэтак званы “чорны спіс” музыкаў, з-за чаго канцэртная дзейнасць у Беларусі стала немагчымай.

З “Ляпісамі” Міхалок выступаў на Еўрамайдане ў падтрымку рэвалюцыі, а песня “Воіны свету”, якую ён стварыў, стала неафіцыйным гімнам Еўрамайдану. У сувязі з гэтымі падзеямі ўскладнілася праца музыкі ў Расіі — Міхалка пачалі абвінавачваць у падтрымцы нацыяналістаў.

Фота: novayagazeta.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі