Сяржук Доўгушаў: Барадулін любіў "гарачанькія" песні

Сяржук Доўгушаў: Барадулін любіў "гарачанькія" песні

На краўфандынгавай платформе talaka.by ідзе збор сродкаў на выданне дыска песень малой радзімы Рыгора Барадуліна — Вушаччыны. "Спадчыну" пераасэнсавалі і запісалі гурты Vuraj, Re1ikt, Harmonic style project, "Варган", Ірэна Катвіцкая і іншыя фолк-выканаўцы. За 42 дні патрэбна назбіраць тры тысячы рублёў. Пакуль ёсць сума зусім невялікая — 150 рублёў. Сяржук Доўгушаў, лідар "Вураю" і ідэолаг "Спеўнага Сходу" цяпер кіруе "барадулінскім" праектам і распавядае, каму і навошта патрэбныя народныя песні на фізічных носьбітах, і якія песні мусіць ведаць кожны беларус.

 

Цікавыя цытаты ад Сяржука Доўгушава: 


Бабулі не разумеюць, што такое "сумная песня". Ну восеньскія песні, так, унутрана-глыбінныя. Але не сумныя. І ўвогуле, яны не разумеюць тэрміна "абрадавая" песня. Яны спяваюць "лета", "вясну". Трэба вакол гэтага яднаць людзей.

 

Мы выдалі дыск вясельных песень Міёршчыны. І хацелася б, каб кожны рэгіён меў такую пласцінку. Займаемся гэтым маленькімі крокамі, хочацца, каб было так, як у суседзяў: напрыклад, Польскае радыё выдае дыскі пад назвай "Muzyka Zrodel", дзе сабраны фальклор розных рэгіёнаў.

 

Сумняваюся ў мэтазгоднасці выпуску дыскаў — наколькі яны цяпер патрэбныя, але ў якасці сувеніра — чаму не? Гэта будзе выданне з тэкстамі, фота, з прыгожым буклецікам.

 

Песня "Ой, лятала шэра перапёлка" — любімая песня Барадуліна, яе спявала яго маці. Але ўвогуле, ён любіў такія "гарачанькія" песні пра куму і кума. Кшталту:


"Кум не п'ець, кум не п'ець, кума не хочаць,


А ў кумы пад пупам блыха шчакоча.


Ты кумок, галубок, не будзь у граху,


Паганяй у кумы пад пупам блаху".

Сяржук Доўгушаў: Барадулін любіў "гарачанькія" песні

"Спеўны сход" задумаўся не для таго, каб адукаваць людзей, каб усе спявалі толькі беларускія песні. Збольшага гэта яднанне беларусаў праз песню, а яшчэ вакальная тэрапія. І я лічу, што гэта першы крок да песеннай будучыні. Ёсць шмат прыкладаў, калі людзі пасля "Спеўных сходаў" ходзяць на курсы традыцыйных спеваў, нехта набывае народныя строі, іншыя — скалачваюць свае гурты.

 

На "Вадаканале" мы ладзілі Каляды і спявалі простыя песні. І ўвогуле, я хачу, каб усе заводы спявалі, крамы спявалі. Ідзеш па горадзе, а ў ім усе спяваюць — гэта ж класна! Я не буду, як Саладуха, тэлефанаваць на гэтыя заводы і зваць прыйсці на "Спеўны сход", зраблю па-іншаму. Можна даслаць відэа і прапанаваць прадпрыемству, што я прыйду на нейкае свята і мы проста паспяваем.

 

На фестывалі "Камяніца" я не вельмі хацеў, каб агульнай песняй "Спеўнага сходу" стала папсовая "Купалінка". Але на гэтай песні рэальна было яднанне і слёзы на вачах. І вось у гэты момант усе адчувалі, што гэта наша песня, гэта наша мова, вось мы разам у адзіным гучанні. Гэта момант, калі ты ўжо не кіруеш працэсам. Яны могуць спяваць і не спыняцца. Гэта цуд.

 

Пройдзе нейкі час, і беларусы дакладна будуць ведаць шэраг сваіх народных песень. Пакуль жа шмат хто заспявае "Магутны Божа", а моладзь, хутчэй, "Тры чарапахі", як народную.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі