Сястра ксяндза Лазара: Брат віны не прызнае
Сваякі Уладзіслава Лазара і парафіяне яго прыходу ў Барысаве не вераць у віну ксяндза, якога КДБ абвінавачвае ў пасобніцтве шпіянажу.
Пра тое, што ксёндз Лазар не прызнае сябе вінаватым, паведамляе Радыё "Свабода" са спасылкай на яго сястру Яніну. Яна атрымала звесткі ад адваката, які ўлетку наведваў ксяндза ў СІЗА КДБ. Пасля апошняга наведвання сваякі ведаюць, што расследаванне працягнулі яшчэ на месяц.
Лісты ад Уладзіслава Лазара не даходзяць, спатканняў з ім не дазваляюць. Нават сустрэча з адвакатам на пачатку верасня не адбылася.
Нагадаем, што 12 верасня Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў атрымала ліст з КДБ, у якім афіцыйна быў прызнаны факт арышту Уладзіслава Лазара і абвінавачання яго ў пасобніцтве шпіянажу.
Фота з сацыяльных сетак