Прысуд маладафронтаўцу Уладзіміру Яроменку агучаць у аўторак
Былога палітвязня Плошчы-2010 вінавацяць у парушэнні правілаў прэвентыўнага нагляду.
Яроменка неаднаразова затрымлівалі на разнастайных вулічных акцыях і садзілі "на суткі". Цяпер на яго пачалі крымінальную справу.
Працэс праходзіць у судзе Першамайскага раёна сталіцы. Уладзімір Яроменак сябе вінаватым не прызнаў і адмовіўся даваць паказанні.
Маладафронтаўца абвінавачваюць у парушэнні правілаў прэвентыўнага нагляду (артыкул 421 Крымінальнага Кодэкса), які чарговы раз быў устаноўлены за актывістам 15 сакавіка 2013 года тэрмінам на 6 месяцаў. Пракурор, выступаючы ў спрэчках, запрасіў для Яроменкі пакаранне ў выглядзе 6 месяцаў арышту. Прысуд абвесцяць у аўторак, 20 жніўня, у 9.45, інфармуе Радыё Свабода.
Фота — svaboda.org