21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы

21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Свята заснаванае ЮНЭСКА ў 1999 годзе, яго мэта — абараніць моўную і культурную разнастайнасць свету. Паводле французскіх сацыялягічных даследаванняў, беларуская мова займае 32-е месца ў свеце паводле развітасці і распаўсюджанасці і гэта неблагі вынік, адзначыў у інтэрв’ю БелаПАН старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў. Ён мяркуе, што такую неблагую пазіцыю мова займае дзякуючы інтэрнэту, “таму мы не прападзем”.

На сённяшні дзень сітуацыя з развіццём мовы тытульнай нацыі ў Беларусі палепшылася і “ўлада хаця б перастала замінаць”, адзначае Трусаў. Гэта адбылося пасля апошніх выказванняў Аляксандра Лукашэнкі, які адзначыў сваё пазітыўнае стаўленне да беларускай мовы. Паводле кіраўніка ТБМ, у арганізацыю сталі прыходзіць настаўнікі-беларусісты, якія раней баяліся нават падысці да офіса, а цяпер яны просяць газеты і дыскі.

Увогуле назіраецца масавы прыход новых людзей у ТБМ — па 30-40 чалавек за тыдзень толькі ў Мінску. Гэта прадпрымальнікі, спартоўцы, прадстаўнікі сярэдняга класу. Чыноўнікі пакуль не далучаюцца да ТБМ, аднак Алег Трусаў адзначае, што сярод службоўцаў шмат людзей, якія добра ведаюць мову і проста “чакаюць адпаведнага загаду”, а калі “будзе загад, то адразу загавораць”.

З нагоды Міжнароднага дня роднай мовы ў культурных установах Мінска адбываецца шэраг мерапрыемстваў

Між тым, паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у вышэйшых навучальных установах Беларусі на беларускай мове навучаецца толькі 300 студэнтаў — гэта 0,1% ад агульнай колькасці. На рускай і беларускай мове навучаюцца болей за 149 тысяч студэнтаў (41%), а на рускай мове — каля 212 тысяч (58%).

У дашкольных установах адукацыі на беларускай мове выхоўваюцца 43 тысячы дзяцей (10%), на рускай мове — амаль 368 тысяч дзяцей (90%). Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ўсе прадметы на беларускай мове вывучаюць болей за 135 тысяч навучэнцаў (14%), а на рускай мове — каля 811 тысяч (86%).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі